Гарачы каментар Дзесяць дзён на ратаванне Еўразвязу


Калючы дрот на шляху ў Еўропу. Тысячы ўцекачоў аказаліся заблакаваныя на грэцка-македонскай мяжы. Сярод краінаў-чальцоў Еўразвязу надалей няма адзінства ў развязанні мігранцкага крызісу. Прыняцце лёсавызначальных рашэнняў адклалі на чарговыя 10 дзён.https://www.youtube.com/watch?v=AXMkKX-ncp05 тыс. мігрантаў чакаюць на грэцка-македонскай мяжы. Хоць у чацвер Македонія зноў адчыніла пераходы, улады дазволілі ўехаць толькі 160-ці мігрантам.

«Мы тут ужо чатыры ці пяць дзён. Без сну, не можам прыняць душу, не можам змяніць адзення, наагул нічога не можам зрабіць. Мы проста хочам купіць ежы і ўсё неабходнае. Дзеля гэтага мы пастанавілі ісці ў Македонію», – кажа адзін з уцекачоў на македонскай мяжы.

7 сакавіка мае адбыцца супольны саміт краінаў Еўразвязу і Турцыі. Да гэтага часу міністры ўнутраных справаў дазволілі прапусціць частку мігрантаў далей, каб зменшыць іхную колькасць у першую чаргу на мяжы з балканскімі краінамі. У часе сустрэчы ў Бруселі напярэдадні яны таксама заклікалі Аўстрыю і Македонію не ўводзіць дадатковага кантролю для ўцекачоў на сваіх межах.

«За бліжэйшыя дзесяць дзён мы мусім забяспечыць адчувальныя і выразныя вынікі на месцах. У адваротным выпадку існуе небяспека, што ўся сістэма цалкам разбурыцца. Мы ўсе абавязаныя актывізаваць нашыя намаганні для здзяйснення гэтага рашэння. У нас няма часу для няўзгодненых дзеянняў», – мяркуе камісар ЕЗ у справе міграцыі і грамадзянства Дымітрыс Аўрамопулёс.

Алею ў агонь дадало непаразуменне паміж Аўстрыяй і Грэцыяй. Напярэдадні вечарам афіцыйныя Афіны адклікалі свайго амбасадара з Вены, што стала рэакцыяй на палітыку Аўстрыі ў адносінах мігрантаў. Яна разам з шэрагам балканскіх краінаў зачыніла свае межы для ўцекачоў.Вось як гэта пракаментавала міністр унутраных справаў Аўстрыі Ёгана Мікль-Ляйтнэр:

«Каб аднавіць нашую здольнасць дзеяць, трэба абараніць вонкавыя межы. Я кажу пра гэта адкрыта. І калі Грэцыя настойвае на тым, што яна не ў стане абараніць сваю ўсходнюю мяжу, трэба спытаць сябе, ці варта быць у Шэнгенскай зоне наагул».

У разрэз з Бруселем пайшоў і ўрад Вугоршчыны, які абвесціў аб намеры правесці рэферэндум у пытанні прыёму мігрантаў. Адмыслоўцы падкрэсліваюць, што калі за гэтыя 10 дзён Еўропа гэтак і не здолее абʼяднацца, каб развязаць мігранцкі крызіс, ЕЗ можа вярнуцца ў часы, калі ён быў эканамічным звязам з адзінаю валютай, але без адзінага цэнтру, які прымае палітычныя рашэнні.Віталь Бабін

Каментары