ПраСвет Дыпламатыя Лукашэнкі. Поспех ці параза Беларусі? «ПраСвет» з Алінай Коўшык


Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей святкуе 25-цігоддзе замежнай палітыкі краіны. Ці сапраўды маем што святкаваць? За апошнія два гады Беларусь выйшла з міжнароднай ізаляцыі ды палепшыла дачыненні з Захадам. Гэты працэс працягваецца і сёння, не зважаючы на грубыя парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне, пра якія сведчыць апошні рапарт ААН. Куды ў бліжэйшай будучыні прывядзе Беларусь гэтак званая «шматвектарнасць» замежнай палітыкі Лукашэнкі? Падрабязнасці ў «ПраСвеце» з Алінай Коўшык.

Іншыя тэмы праграмы:

Ці ў Расеі ёсць планы на Беларусь?

Хто можа лезці ва ўнутраныя справы нашае краіны? А таксама пра бяспеку, будучыя вучэнні «Захад-2017» і пра магчымыя сцэнары дзеянняў Расеі ў выпадку ўнутрыпалітычнай нестабільнасці ў Беларусі інтэрв’ю з Паўлам Лузіным, расейскім экспертам па міжнародных дачыненнях.

Расце экспарт зброі, але ці ўзмацняецца беларускае войска?

Было пяцьсот пяцьдзясят мільёнаў долараў, столькі Беларусь зарабіла афіцыйна на экспарце зброі ў перыяд з 2004-га да 11-га года – і стала мільярд, на такую суму за год цяпер прадае нашая краіна прадукцыі вайсковага прызначэння. Такую суму агучыў старшыня вайскова-прамысловага камітэту Сяргей Гурулёў напярэдадні міжнароднай выставы ўзбраенняў «Мілекс-2017». Што ўваходзіць у гэты мільярд і ці трапляюць гіты беларускай абароннай вытворчасці ў беларускае ж войска – Усевалад Шлыкаў.

НАТО Доналда Трампа

У чацвер у Брусэлі адбылося пазачарговае спатканне лідараў краінаў-удзельніц НАТО. Гэткі міні-саміт. Нагодаю для зʼезду прэзідэнтаў і прэмʼераў сталася ўрачыстае адкрыццё новага будынку штаб-кватэры альянсу. Але насамрЭч міні-саміт быў патрэбны для агульнага знаёмства з Доналдам Трампам і вызначэння, чаго чакаць далей ад Злучаных Штатаў у складзе НАТО. Падчас прэзідэнцкіх выбараў кандыдат Трамп заяўляў, што НАТО састарэла і зашмат бярэ грошай ад ЗША. Але цяпер ужо ПРЭЗІДЭНТ Трамп кажа крыху іншае. І, падобна, варта чакаць не скарачэння натаўскіх сілаў, а зусім наадварот. Што хаваецца за афіцыйнымі цырымоніямі? За кулісы зазірнуў Яраслаў Сцешык.

Хто такія сімікі? Іншы твар украінскага войска – у нашым рэпартажы з Данбасу

Што рабіць, калі ты жывеш на лініі фронту і патрэбны доктар, але туды не едзе хуткая дапамога, або хто вызваліць сабаку з закінутага дому ці дапаможа бяспечна дабрацца да месца пад абстрэлам? Для развязання такіх пытанняў стварылі Цывільна-вайсковае супрацоўніцтва Узброеных сілаў Украіны. Гэта аналаг нАтаўскіх адзінак сімік (CIMIC). Як яны працуюць штодня? Дзень з сімікамі правёў Антось Цялежнікаў.

Каментары