Два месяцы пратэстаў у Венесуэле. Прэзідэнт не збіраецца сыходзіць


Нягледзячы на шматлікія пратэсты і гібель людзей у Венесуэле, прэзідэнт працягвае свае рэформы па ўмацаванні асабістай улады.

Нікаляс Мадура анансаваў правядзенне рэферэндуму па прыняцці новай Канстытуцыі.

«Новую Канстытуцыю разгледзяць на кансультатыўным рэферэндуме, дзе людзі скажуць, пагаджаюцца яны з ёй ці не, – кажа Нікаляс Мадура. – Гэта будзе ўзмоцненая Канстытуцыя».

Праект рэпрэзентуе Канстытуцыйная асамблея. Гэты орган, у сваю чаргу, атрымае шырокія паўнамоцтвы рэфармаваць сістэму дзяржаўнага кіравання і ўносіць змены ў Асноўны закон краіны.

Раней Нікаляс Мадура абвяшчаў, што новая Канстытуцыйная асамблея на траціну будзе складацца з абраных паводле спісаў прадстаўнікоў грамадства, у тым ліку сялянаў, рыбакоў, рабочых, студэнтаў, інвалідаў, пенсіянераў і прадпрымальнікаў.

Аналітыкі мяркуюць, што апазіцыя краіны паспрабуе пераўтварыць рэферэндум у своеасаблівае пратэставае галасаванне, заклікаючы галасаваць супраць Канстытуцыі як супраць прэзідэнта.

З пачатку красавіка краіну страсаюць пратэсты, якія пачаліся пасля таго, як Нікаляс Мадура паспрабаваў адабраць паўнамоцтвы ў парламенту на сваю карысць і пазбавіў магчымасці лідара апазіцыі Энрыке Капрылеса ўдзельнічаць у чарговых выбарах прэзідэнта ў 2018 годзе.

На фота: венесуэльцы, што падтрымліваюць апазіцыю, трымаюць шчыт з надпісам «Справядлівасць» падчас веснавых сутыкненняў з паліцыяй. Каракас, Венесуэла. 26 красавіка 2017 года. Carlos Garcia / Reuters