Свет Дэбаты і рэйтынгі: Хто застаўся ў французскай выбарчай гонцы?


Да выбараў прэзідэнта ў Францыі засталося крыху больш за месяц. Палітычны тыдзень пачынаецца з тэледэбатаў кандыдатаў. З 11 прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы ў тэлеэфіры сустрэнуцца твар у твар толькі пяцёра палітыкаў.

23 красавіка адбудзецца першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Францыі. Напярэдадні Канстытуцыйны савет паведаміў, што 11 кандыдатаў выканалі ўсе ўмовы дзеля ўдзелу ў выбарах, аднак шасцёра з іх выключаныя з тэледэбатаў праз слабыя рэйтынгі.

Тварам да твару ў тэлеэфіры сустрэнуцца незалежны кандыдат Эманюэль Макрон, лідарка партыі Нацыянальны фронт Марын Ле Пэн, кіраўнік Левай партыі Жан-Люк Мэляншон, кандыдат ад партыі рэспубліканцаў Франсуа Фіён і сацыяліст Бэнуа Амон.

«Ніхто не можа служыць двум гаспадарам – рэспубліцы і грошам, людзям і грошам, Францыі і грошам. У гэтай кампаніі, забруджанай грашыма, яны думаюць пра памер сваіх замкаў або сваіх банкаўскіх рахункаў. Я думаю толькі пра веліч нашай краіны», – кажа кандыдат на прэзідэнта Францыі Бэнуа Амон.

Іншы кандыдат Жан-Люк Мэляншон зрабіў стаўку на абвешчанне шостай французскай рэспублікі.

Напярэдадні дэбатаў кандыдат сабраў у Парыжы на мітынг дзеля свайго падтрымання каля 130-ці тысячаў прыхільнікаў.

«Калі сёння тут сабралася так шмат людзей, то гэта таму, што яны ведаюць, наколькі крытычная сітуацыя паміж ультра правымі, якія выступаюць за этнічна чыстую нацыю, і слугамі грашовага караля, якія жадаюць знішчыць дзяржаўныя і грамадскія службы», – кажа кандыдат на прэзідэнта Францыі Жан-Люк Мэляншон.

Нягледзячы на гучныя абвінавачанні канкурэнтаў ні Амон, ні Мэляншон амаль не маюць шанцаў трапіць у другі тур. Згодна з папярэднімі апытаннямі фінальная бітва разгронецца паміж Марын Ле Пен і Эманюэлем Макронам.

Макрон – прыхільнік развіцця Францыі ў складзе Еўрапейскага Звязу. Вынікі нядаўніх выбараў у Нідэрландах, дзе ва ўладзе засталіся еўрааптымісты, перагуляўшы еўраскептыкаў на чале з радыкалам ХЭэртам ВІлдэрсам, дазваляюць яму спадзявацца на перамогу. Найперш праз падтрыманне праціўнікаў развалу Еўразвязу.

«Я задаволены вынікамі выбараў у Нідэрландах, я лічу іх важным момантам у адносінах да выбараў, якія праходзяць у Еўрапейскім Звязе», – Эманюэль Макронам.

Суперніца Макрона, прыхільніца выхаду з Еўразвязу, прарасейскі настроеная Марын Ле Пэн, паводле апытанняў, у другім раўндзе можа набраць толькі 36 адсоткаў супраць анансаваных 64 адсоткаў Макрона. Аднак частка электарату, якая не вызначылася з кандыдатам або якая падтрымлівае слабых кандыдатаў, здольная змяніць хаду выбараў.

ЖЫХАРЫ ФРАНЦЫІ:

«Я родам з Валянсьену, я хачу падтрымаць Жан-Люка Мэляншона, бо ён адзіны, хто не прагніў, усе астатнія гнілыя».

«Нам надакучылі эксперты ці палітыкі, якія прапаноўваюць нам свае думкі. Людзі дастаткова здольныя, каб самім прымаць рашэнні».

«Існуе не толькі Макрон, ёсць не толькі Амон, ёсць не толькі Фіён, ёсць Мэляншон і людзі, якія падтрымліваюць».

Кампанія ў Францыі праходзіць скандальна. Адзін з папярэдніх фаварытаў кампаніі Франсуа Фіён моцна здаў пазіцыі і фактычна выбыў з гонкі пасля фінансавага скандалу, звязанага з ягонаю жонкай.

Ігар Віняўскі belsat.eu

Каментары