Мaю прaвa «Дармаеды» ў Гомлі: дайце нам месцы на заводах!


Першы суд грамадзяніна супраць дэкрэту «Аб сацыяльным утрыманстве»

Жыхару Гомля Аляксандру Сямёнаву – 52 гады. З іх – 28 працоўнага стажу. Мужчына мае дзве вышэйшыя адукацыі: інжынерную і «маркетынг і менеджмент на рынку тавараў і паслугаў». Так склаліся акалічнасці, што з 2013 года спадар Аляксандр не можа знайсці працу, але пры гэтым спраўна плаціць розныя падаткі: зямельны, за дарогі падчас тэхнічнага агляду, за карыстанне мабільнаю сувяззю. Аднак, як амаль і паўмільёна беларусаў, атрымаў з падатковай гэтак званы ліст шчасця на аплату збору за ўтрыманства. Наш герой не згодны, што сваймі выплатамі ён не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных расходаў. Таму і распачаў першы ў Беларусі суд супраць Дэкрэту № 3.

Вядомы ўкраінскі пісьменнік правёў ноч у міліцэйскім пастарунку

На пачатку лютага ў Менску ўжо шосты раз адбыўся Міжнародны музычна-паэтычны фэст імя Міхася Стральцова «Вершы на асфальце». Не ўпершыню на яго запрасілі вядомага ўкраінскага паэта і празаіка Сяргея Жадана. У ноч перад выступам на фэсце да яго ў нумар гатэля ўварваліся міліцыянты і адвезлі ў пастарунак. Там пісьменніку паведамілі, што ён улучаны ў спіс асобаў, якія не маюць права заязджаць на тэрыторыю Расейскае Федэрацыі. А з прычыны таго, што ў Беларусі ды Расеі агульная візавая прастора, адзін з вядомых аўтараў Усходняе Еўропы не можа заязджаць і ў нашую краіну.

Апытанне: ці Беларусі варта ўзмацняць свае межы?

Казус з украінскім пісьменнікам Сяргеем Жаданам супаў з пачаткам дзеяння ў нашай краіне пяцідзённага бязвізавага рэжыму дзеля грамадзянаў васьмідзесяці краінаў свету. Мы запыталіся ў мінакоў, ці гэткая адкрытасць не пагражае суверэнітэту Беларусі.

Фермерская гаспадарка пад Барысавым пад пагрозаю знішчэння

Фермерская гаспадарка Івана Сягодніка на ўскрайку Барысава знаходзіцца пад пагрозаю знішчэння. Летась да яго прыязджалі прадстаўнікі гарадскіх уладаў на чале са старшынёю райвыканкаму. Чыноўнікі паведамілі спадару Івану наступнае: усё, што ён пабудаваў на сваёй зямлі, з імі не ўзгаднялі. Таму забудова лічыцца незаконнаю, і яе мусяць знесці. Акрамя коней у фермера ёсць куры, гусі, поні, рэдкія для нашых месцаў в’етнамскія свінні ды іншыя гадаванцы. Цяпер жа ўся гэтая жыўнасць можа застацца без даху над галавою.

Сям’я змагаецца за свой дом і зямлю на беразе вадасховішча Дразды

Дом Аляксандра Плаксёнка месціцца ў сталічным мікрараёне Вяснянка, што важна – на беразе вадасховішча Дразды. У 2012 годзе дзяржава ўжо канфіскавала невялікую частку ягонага надзелу. Цяпер жа Менгарвыканкам спрабуе забраць увесь участак спадара Аляксандра, а ягоны дом – знесці. Матывацыя – дзяржаўная патрэба. У якасці кампенсацыі вялікай сям’і спадара Аляксандра прапануюць двухпакаёвую кватэру. І бадай найбольш цікавае ў гэтай гісторыі: на месцы, дзе стаіць дом нашага героя, маюць сфармаваць новы зямельны ўчастак для індывідуальнага жылога будынку, што прададуць з аўкцыёну.

Каментары