Сальдa Дайце газу! Беларусь гандлюецца з Расеяй за кошты на паліва


Беларусь ініцыюе перамовы з расейскім «Газпрамам» пра зніжэнне коштаў на газ. Манапаліст не жадае дыскутаваць, паколькі цана вызначаецца паводле раней выпрацаванай формулы. Але Менск хоча змяніць умовы коштаўтварэння.Доўгатэрміновае пагадненне стала пасткаю. Яшчэ пяць гадоў таму Беларусь сама ініцыявала падпісанне шматгадовага кантракту з расейскім Газпрамам на пастаўкі газу. У выніку на працягу некалькіх гадоў Менск атрымліваў паліва значна танней, чым суседнія краіны. Але цяпер сітуацыя змянілася. Ад пачатку году ўрад Беларусі спрабуе дамовіцца з расейцамі аб новых формулах коштаўтварэння.

«У прынцыпе трэба гандлявацца, чаму б і не, – мяркуе эканаміст Леанід Заіка. – Напрыклад, падчас кіравання Ельцыным, газ ды нафта каштавалі $ 15-20, прыкладна аднолькава. Таму і зараз калі нафта каштуе $ 40, а газ – нашмат болей, то гэта адназначна завышаныя кошты. Таму трэба гандлявацца, трэба выкарыстоўваць аргументы, абмяркоўваць гэта сурʼёзна».

Кошт тысячы кубаметраў газу для Беларусі складае сёлета $ 142. Цана вылічваецца паводле наступнай формулы: кошты на газ у Ямала-Ненецкай акрузе Расеі плюс выдаткі на транспартаванне да беларуска-расейскай мяжы. Чыноўнікі Беларусі хочуць зніжэння коштаў на блакітнае паліва да $ 80 за тысячу кубаметраў. У сваю чаргу, расейцы адмаўляюцца ад перагляду ранейшых пагадненняў.

«У нас штогод выпускаецца каля пяці тысячаў эканамістаў. Дык давайце іх пасадзім, ды няхай яны напішуць новую формулу на коштаўтварэнне. Гэта было б сапраўды досыць цікава. Можна ж і конкурс агучыць, – прапаноўвае Леанід Заіка. – Таму тут пытанне толькі ў аргументах. Каб не апынулася такім чынам, што прыехаў віцэ-міністр, прэмʼер краіны і нешта гаворыць. Павінны прыязджаць сурʼёзныя прадстаўнікі, прафесары і даказваць, што не маюць рацыі».

Аргумент беларускага боку такі: мы аплочваем газ у доларах, курс якога ў Расеі моцна вырас. Іншыя краіны, якія маюць кароткатэрміновыя кантракты прымацаваныя да цаны нафты цяпер плацяць менш. Але відавочна, што гэтае пытанне ляжыць хутчэй у палітычнай плоскасці.

Каментары