Агляд падзеяў культуры «Чысціня і гігіена» – праект пра пазбаўленне ад духоўнага смецця


Сачыць за чысцінёй і гігіенай – традыцыйна лічылася жаночым клопатам. Таму адзінаццаць аўтарак сабраліся разам, каб зладзіць мастацкі абрад ачышчэння. Выставу адкрылі ў Цэнтры сучасных мастацтваў напярэдадні 8 сакавіка, што, як вядома, не толькі свята вясны, але і дзень барацьбы жанчын за свае правы.

Таму і праект «Чысціня і гігіена» – не пра паход у лазню, а пра пазбаўленне ад духоўнага смецця, пра чысціню думак і ўчынкаў, кажа куратарка выставы мастачка Марта Шматава:

«Пытанне чысціні – вельмі важнае для грамадства. Даўно ніхто не абмяркоўваў, як гэта – быць чалавекам, які мае ідэалы, чыстыя імкненні, і ці можна ўвогуле ім быць».

Некаторыя аўтаркі разумеюць чысціню як свабоду – ад цэнзуры або ад стэрэатыпаў грамадства. Куратарка Марта Шматава прысвяціла працы бяздомнікам. Герояў яна знаходзіла проста на вуліцы ды прасіла згадаць самыя светлыя часы – дзяцінства. Тэму чыстага мастацтва і ўвогуле ролі мастака ўздымае інсталяцыя Галіны Раманавай.

А на філасофскіх карцінах Ілоны Касабукі – вызначальныя моманты жыцця чалавека – нараджэнне, каханне і смерць: «Ёсць два моманты чысціні чалавечай – падчас нараджэння і падчас сыходу».

Экалогію і духоўныя каштоўнасці спалучыла мастачка Кацярына Сумарава. У ейнай зале – жывапісныя працы і 20 слоікаў, у якіх не проста вада:

«Гэта асноўныя рэкі Беларусі, таксама і маленькія рачулкі, і азёры, і водаканалы, крыніцы, свідравіны, багна. Такім чынам мы тут бачым усю панараму нашых водных багаццяў».

Экспанаты Кацярыне везлі з усёй Беларусі, паэт Уладзімір Някляеў, напрыклад, падарыў ваду з роднай рэчкі Краўлянкі.

Паглядзець выставу можна да 1 красавіка.

Іншыя тэмы:

У маёнтку Паўла Падкарытава ў Падараску пачаліся працы для кансервацыі будынку.

Магілёўскія дзеткі паўтараюць вершы за Жыгамонтам.

Андрэй Курэйчык здымае новы фільм – пра вампіраў і без дзяржаўных фінансаў.

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык belsat.eu

Тэгі: 
Каментары