Размова дня Чавусаў: Улады радыкалізуюць пратэставую плынь


Заклік адзначыць 100-годдзе БНР можа дорага каштаваць.

Урад Беларусі прадставіў у парламент законапраект аб унясенні зменаў у закон «Аб масавых мерапрыемствах». Асноўнае новаўвядзенне – пераход да заяўнага прынцыпу пры іх правядзенні. Гэта значыць, ва ўладаў можна будзе не прасіць дазволу на акцыю, а проста паведаміць пра яе.

«Лібералізацыя? Гаворка вядзецца толькі пра некаторыя элементы заяўнага прынцыпу. Але ён і так дзейнічаў падчас выбарчых кампаніяў», – зазначае юрыст Юрый Чавусаў.

Прычым паведамляць пра правядзенне масавага мерапрыемства можна было за два дні да яго, згодна ж з законапраектам уводзіцца 10-дзённы тэрмін. Пры гэтым ва ўладаў застаецца магчымасць даць забарону, кажа Чавусаў.

І адзначае, што разам з гэтым прадугледжваецца ўзаконенне шэрагу «негатыўных практык абмежавання свабоды сходаў».

Сярод іншага, калі раней забаранялася паведамляць пра месца і час акцыяў да дазволу на іх правядзенне, то цяпер можна будзе атрымаць пакаранне нават за заклікі без канкрэтыкі.

«Напрыклад, годна адсвяткаваць 100-годдзе БНР. Гэта значыць, што і тым самым СМІ будзе складаней інфармаваць людзей пра планы палітыкаў», – кажа Чавусаў.

Штрафамі за акцыі цяпер улады змогуць караць не толькі фізічных асобаў, але і партыі з грамадскімі арганізацыямі.

Прычым значна большымі. Скажам, у памеры 100 базавых велічынь.

«Можна спрагназаваць, што цяпер масавыя мерапрыемствы будуць ладзіцца грамадзянамі, якія не належаць да зарэгістраваных структураў. Улады такім чынам радыкалізуюць нейкую плынь у пратэставым палітычным руху», – гаворыць эксперт.

Зарэгістраваныя ж структуры стануць, верагодна, больш падпарадкаванымі.

Больш падрабязнасцяў пра законапраект зменаў у закон «Аб масавых мерапрыемствах» – у поўным выданні «Размовы дня» з Уладзімірам Мацкевічам.

Каментары