Браць крэдыт ці заводзіць дэпазіт?


У Беларусі таннеюць крэдыты – але адначасова і працэнты па дэпазітах змяншаюцца. Простым людзям трымаць зберажэнні ў банках робіцца не асабліва выгадна.

«Ніколі за часы незалежнасці не было такіх нізкіх ставак па рублёвых дэпазітах. Адзыўныя дык ужо і інфляцыю не перакрываюць», – кажа эксперт «Асабістага капіталу» Міхал Залескі.

Гэта Нацбанк чарговы раз памяншае ўліковую стаўку. За два гады яна зменшылася з 25% да 11,5% і будзе далей падаць. Ад гэтай стаўкі залежыць кошт пазычаных грошай і для прадпрыемстваў і для насельніцтва.

А вось крэдыты сталі прывабней. Беларусы гэта зразумелі і зноў пабеглі пазычаць у банкаў, сёлета ўзялі ажно на Br 1 млрд рублёў болей, чым летась. «Відавочна, што кожнаму хочацца зарабіць паболей, і банкіры – не выключэнне», – тлумачыць эксперт «Асабістага капіталу» Міхал Залескі. Але цяпер не асабліва зарабляюць і банкіры.

Калі ні простым людзям, ні банкам зніжэнне ставак вялікіх прыбыткаў не прынясе, можа яно дапаможа прадпрыемствам? Міхал Залескі лічыць, што не асабліва:

«У нармальнай сітуацыі прадпрыемствы павінны купляць грошы пад працэнт меншы за той, што самі зарабляюць».

А значыць, рэнтабельнасць заводаў ды фабрык павінныя быць большая за 11,5%, а шмат каго з іх сёння гэта фантастыка. Для параўнання: у ЗША аналагічная стаўка – 1-1,25%, у Еўразоне – 0,00%, а ў Японіі – нават мінус 0,1% (то бок дзяржава дае грошы, і яшчэ за тое крышачку прыплачвае). Усе дзеля таго, каб прадпрыемствы эфектыўна развіваліся.

Што ж рабіць тым беларусам, у каго ёсць лішнія грошы? Калі трымаць грошы ў банку нявыгадна, то куды іх падзець? Глядзіце ў рубрыцы «Шалёныя грошы».

Глядзіце таксама ўсю праграму «Асабісты капітал»: