Боні Тайлер, Мік Джэгер і гурт «The Who»


Здзіўляешся, калі зноў і зноў бачыш на экране жывых класікаў, кшталту Ролінгаў, ці гурта «The Who» і думаеш: як яны яшчэ трымаюцца на нагах, прычым, выдатна захавалі голас? Здзіўляешся, калі раптам сустракаеш новую інфу пра напалову забытых куміраў маладосці і задаеш пытанне: хіба яны яшчэ не памёрлі?

Зацьменне сонца, якое прывабіла ўвагу жыхароў Амерыкі напрыканцы жніўня, зрабілася нагодай для пі-ару ветэранкі рок-і поп-сцэны Боні Тайлер. Ейны выступ на круізным караблі з назвай «Марскі аазіс», а там яна выконвала незабыўны гіт пра «зацьменне сэрца», аднавіў цікавасць да спявачкі.

Боні Тайлер цяпер 66. Яна была на піку славы ў 70-я і 80-тыя. У 2013-м запісала найноўшы альбом, які, нават, пасля ейнага зʼяўлення ў конкурсе Еўрабачання, не зрабіўся гітовым.

З іншага боку, гэты яе спеў, у адрозненні ад песень усіх іншых удзельнікаў Еўрабачання-2013, трапіў у сотню еўрапейскіх чартаў таго сезону. …Не так даўно спявачка запісала новы сінгл з рок-спеваком Алексам Рудзі Пэлам. І неўзабаве абяцае выдаць свежы альбом.

Гурт «Ролінг Стоўнз» не спыняецца. Летась яны запісалі блюзавую кружэлку з гітамі свайго дзяцінства. У 2018-м абяцаюць выдаць новы альбом з іхнымі новымі спевамі. А пакуль што, паводле Міка Джэгера, музыка не ўтрымаўся і выдаў две новыя песні з палітычным сэнсам. «Яны не маглі чакаць яшчэ паўгады. Бо мы губляем Брытанію!»

Гэта ягоныя адказы на выклікі нашага часу. «Я – не аптыміст!» – сказаў Мік Джэгер журналістам пра перспектывы развіцця цывілізацыі.

Ветэраны з гурта «The Who» здзівілі іхных аматараў. Цягам жніўня дзяды запалялі ў Цэзар-паласе ў Лас-Вэгасе. Яны выконвалі лепшыя гіты сваёй карʼеры: «Маё пакаленне», а таксама з рок-опер «Томмі» ці «Квадрафанія». …У адрозненні ад іншых жывых класікаў, гурт «The Who» не абяцае ніякіх новых альбомаў. Яны проста жывыя.

 

Сяргей Філімонаў, belsat.eu