Больш за мільён людзей выйшлі на мітынг у Стамбуле


Розныя партыі, розныя прафесіі ды ўзросты. Больш за мільён чалавек у Стамбуле выйшлі на марш дзеля падтрымання прэзідэнта Эрдагана.

РЭДЖЭП ЭРДАГАН, ПРЭЗІДЭНТ ТУРЦЫІ:

«Мы змагаемся разам у салідарнасці, забыўшыся на ўсе нашыя адрозненні».

Таксама Эрдаган гаварыў пра абарону дэмакратыі ды магчымасць вяртання смяротнага пакарання, калі гэтага захоча народ.

А народ на акцыі падтрымлівае. Мора турэцкіх сцягоў і лозунгі «Эрдаган – дар Бога», «Кажы нам загінуць – і згінем». Гэта, перадусім, дэманстрацыя сілы турэцкага прэзідэнта перад Захадам.

АПЫТАННЕ:

«Мы паядналі левых, правых і кансерватараў у нашай краіне і мы жывем у гармоніі разам. Спадзяюся, ніхто не будзе сабатаваць нашую краіну».

«Гэта цудоўна – паяднацца. Я з маёй жонкаю тут не дзеля таго, каб падтрымаць партыю, мы тут, каб падтрымаць нашую краіну, падтрымаць наш сцяг».

Менш пафасная была арганізацыя маршу: тысячы ўлётак, а таксама бясплатны транспарт. А таксама страх у грамадстве. Пасля няўдалага перавароту 15 ліпеня амаль 70 тысячаў чалавек страцілі працу, каля 18 тысячаў (пераважна сілавікоў) арыштавалі ці затрымалі, хоць некаторых пазней і адпусцілі.

Таму сёння пратэст супраць Эрдагана небяспечны. Сам марш падтрымання ахоўвалі 15 тысяч паліцыянтаў, былі ўстаноўленыя ракеты супрацьпаветранае абароны, далучаная авіяцыя.

Былі таксама акцыі салідарнасці ў іншых краінах. Гэтая – пад Белым домам у ЗША. Тут па-ранейшаму перабывае ідэйны вораг Эрдагана, прапаведнік Фэтхулах Гюлен, якога Анкара вінаваціць у арганізацыі перавароту.

АПЫТАННЕ:

«Пасыл прэзідэнту Оўбаме перад тым, як ён скончыць тэрмін, ён мусіць выслаць Фэтхулаха Гюлена ў Турцыю».

«Мы патрабуем дапамогі ЗША, Белага дому і Еўразвязу. Яны не з Турцыяй цяпер. Вы разумееце? Яны з асобнымі тэрарыстамі цяпер. А яны небяспечныя як Усама бін Ладэн».

І ўсе гэтыя непаразуменні Турцыі з Захадам выкарыстоўвае Расея. Сёння для крамлёўскае прапаганды Турцыя ўжо больш не вораг нумар адзін.

ЭМРЭ ЭРСЭН, ЭКСПЕРТ У РАСЕЙСКА-ТУРЭЦКІХ ПЫТАННЯХ:

«Пуцін быў адным з першых лідараў, хто пазваніў Эрдагану і запэўніў безумоўнае падтрыманне турэцкага кіраўніцтва, дэмакратычна абранага ўраду ды выступіў супраць перавароту. Гэта вельмі цікава, асабліва ў час, калі туркі атрымалі больш спакойныя рэакцыі з боку традыцыйных саюзнікаў у Еўразвязе і ЗША».

А ўжо заўтра прэзідэнт Эрдаган сустракаецца з Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбурзе. Гэта першае спатканне прэзідэнтаў пасля збіцця расейскага самалёта і 7-месячнае сваркі ды палітыкі санкцыяў.

ЭМРЭ ЭРСЭН, ЭКСПЕРТ У РАСЕЙСКА-ТУРЭЦКІХ ПЫТАННЯХ:

«Турцыю скаланулі санкцыі з боку Расеі пасля збіцця турэцкімі войскамі расейскага самалёта. Напрыклад, 98 адсоткаў расейскіх турыстаў былі страчаныя, а гэта вялікая страта для турэцкае эканомікі. Таксама вельмі важныя праекты Турэцкай плыні газаправоду ці першае турэцкае ядравае ўстаноўкі – гэта было спозненае».

Цяпер усё можа палепшыцца з Расеяй. Але пагоршыцца з Захадам – коштам свабоды і дэмакратыі.

Сяргей Падсасонны belsat.eu