Блогер Сяргей Пятрухін: Чыноўнікі не чуюць тых, хто іх корміць


Берасцейскі відэаблогер Сяргей Пятрухін пракаментаваў рашэнне суда, згодна з якім, яму прысудзілі 1225 рублёў штрафу. Столькі ж – ягонаму калегу Аляксандру Кабанаву.

Аўтараў відэаблогу «Народны рэпарцёр» пакаралі за заяву Аляксандра Кабанава, які сказаў:

«Калі праз тыдзень будоўля (акумулятарнага) заводу не спыніцца, то я выйду на плошчу. Буду ў мегафон распавядаць людзям пра шкоду заводу. Пра тое, што будаўніцтва трэба спыніць. І што такія формы пратэсту будуць праходзіць кожную нядзелю».

У «Гарачым каментары» Сяргей Пятрухін заявіў:

«Справа тычацца не толькі людзей, але ўжо і нашых дзяцей, таго, што будзе далей. Можа, гэта і інстынкт самазахавання ўключыўся? Бо ўсе таты і мамы (былі ў судзе). Думаю, што гэта тая мяжа, менавіта дзеці, што тут можа быць усё, што заўгодна. Чыноўнікі не чуюць і не хочуць чуць людзей, яны не хочуць чуць тых, хто іх корміць. У дадзеным выпадку гэта небяспечна, таму што тут экалогія і здароўе дзяцей».

Сяргей Пятрухін мяркуе, што людзі, пабачыўшы, як блогераў кінулі за краты, зразумелі, што так жа несправядліва ўлады ставяцца і да іншых:

«Яны бачылі сёння гэтыя абсурдныя рашэнні суддзяў. Яны проста смела гаварылі ў калідорах, што гэта цырк, нікога не саромеючыся, давалі каментары «Белсату», гаварылі на маю камеру, абсалютна не баючыся. Думаю, калі гэта будзе працягвацца, усё больш і больш людзей будзе далучацца».

Глядзіце больш у відэа вышэй.