Свет Без віны вінаватая: распачалася працэдура імпічменту


Прэзідэнт Бразіліі Дыўма Русэф будзе да апошняга змагацца супраць працэдуры імпічменту, якую яна называе дзяржаўным пераваротам. Такую заяву бразільскі палітык зрабіла пасля таго, як ніжняя палата парламенту большасцю галасоў выказалася за яе адстаўку.Галасоў на карысць адхілення прэзідэнта хапіла для таго, каб перадаць лёс Дыўмы Русэф у верхнюю палату: Сенат прыме канчатковае рашэнне ў пытанні імпічменту. Аднак лідарка Партыі працоўных называе ўсе абвінавачванні ў фінансавых парушэннях несправядлівымі ды беспадстаўнымі.

«Цяпер мне пагражае пераварот – дзяржаўны пераварот, падчас якога выкарыстоўваюць імітацыю дэмакратычных і юрыдычных працэдураў, каб здзейсніць самае абуральнае злачынства супраць асобы – абвінаваціць невінаватага», – заявіла Дыўма Русэф.

Парадоксам галасавання з’яўляецца тое, што ніякіх доказаў яе карумпаванасці няма, у той час як сярод прыхільнікаў яе адстаўкі ёсць шмат вядомых карупцыянераў.Пасля таго, як сталі вядомыя вынікі галасавання аб імпічменце, знайшліся як тыя, хто пачаў святкаваць блізкую адстаўку Русэф, гэтак і засмучаныя навіною жыхары Бразіліі.

«Абвінавачанні супраць Дыўмы Русэф – незаконныя. Няма ніякіх судовых доказаў яе незаконнай фінансавай дзейнасці», – кажуць нам на бразільскіх вуліцах.

Галасаванне ў Сенаце прызначылі на пачатак траўня. Калі большасць сенатараў выкажацца за імпічмент, Дыўму Русэф адхіляць ад улады на сто восемдзесят дзён. Плануецца, што на гэты перыяд краіну ўзначаліць віцэ-прэзідэнт Мішл Тэмэр. Дыўме Русэф таксама пагражае судовы разбор у справе Петрабраса – нафтавага манапаліста, кіраўніцтва якога падазраюць у маніпуляцыях з падаткамі. У гэтай справе ўжо арыштавалі шмат вядомых дэпутатаў і бізнесоўцаў з блізкага атачэння Русэф.Кацярына Ерусалімская, «Белсат»

Каментары