Самае цікавае за тыдзень на планеце за 35 хвілінаў у праграме «Прасвет». Тэмы:
Першы афіцыйны візіт і першы ўказ. Новаабраны прэм’ер Арменіі Нікол Пашыньян з імпэтам распачаў кіраванне краінаю. Пра выклікі новага прэмʼера ў вонкавай палітыцы – Вольга Жарнасек.
Сапраўды ад умення лавіяваць паміж Захадам і Усходам залежыць, ці будзе Рэвалюцыя любові мець працяг. Чым здзівілі ўвесь свет армяне? І чаму нам варта павучыцца – сваймі назіраннямі проста з сэрца рэвалюцыі падзеліцца рэдактар «Прасвету» Сяргей Пеляса, які вярнуўся пасля 10 дзён здымак вялікага рэпартажу пра армянскую рэвалюцыю.
Арменія. Рэвалюцыя скончаная і самы час зірнуць больш уважліва не толькі на тых, хто перамог, але і на тых, дзякуючы чыім высілкам Рэвалюцыя любові ды ўсмешак атрымалася. Гаворка пра жанчын, якіх на сцэне, побач з цяпер ужо прэмʼерам Ніколам Пашыньянам не было шмат. Але праз гэта іхная роля толькі ўзрастае. Аркадзь Несцярэнка
Традыцыя праводзіць урачыстыя паказы вайсковае тэхнікі ў той ці іншай форме існуюць у большасці краінаў свету. Але кожная дзяржава ўкладае ў парад «свой» мэсідж. Для адных гэта дэманстрацыя традыцыяў, для іншых мінімальнай абароназдольнасці, для трэціх сваёй магутнасці. Ігар Кулей разбіраўся, чым Масква хвалілася на парадзе 9-га траўня і, яшчэ больш важна, чаго там так і не паказала.
Выйсце Доналда Трампа з іранскага ядравага пагаднення не толькі падзяліла хаўруснікаў з НАТО – еўрапейскія лідары ўсцяж пераконваюць пра неабходнасць і слушнасць дамовы, але яна і адкрыла новыя магчымасці для Расеі. Афіцыйна Крэмль актыўна працаваў для гэтага пагаднення супраць рашэння Трампа, але насамрэч гэта можа стаць пераломным момантам у сучаснай халоднай вайне. Што не так з іранскаю дамовай і ці сапраўды Трамп зусім не мае рацыі? Усевалад Шлыкаў