«Байцоўскі клуб» выйшаў з беларускімі субцітрамі. Але грошы на выданне кнігі назбіраць не ўдалося


Арганізатары праекту выдання культавых кніг па-беларуску як могуць працягваюць увагу да серыі «Амерыканка», але пакуль назбіралі толькі 20 % патрэбнай сумы.

Культавы фільм Дэвіда Фінчара з субтытрамі паказалі ў прасторы «Корпус». Аматары ж кнігі Чака Паланіка маюць шанец неўзабаве прачытаць яе ў беларускім перакладзе – падтрымаўшы выдавецкую серыю «Амерыканка».

Апроч «Байцоўскага клубу» ў серыі, на якую цяпер збіраюць грошы праз краўдфандынг, яшчэ тры кнігі знакавых пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі – «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі, «Чытво» Чарлза Букоўскага і «Пенелапіяда» Маргарэт Этўуд. Беларускія перакладчыкі абралі ўлюбёныя контркультурныя творы, якія для некалькіх пакаленняў сталі транслятарам ідэяў свабоды і нонканфармізму. Напрыклад, раман «Пенелапіяда» – гэта «Адысея» Гамера, пераказаная ад асобы жанчыны. Спрэчкі вакол кнігі цяпер і ў беларускім сеціве.

«Зараз скандал выбухнуў, бо феміністкі і нефеміністкі не пагадзіліся, ці была Пенелопа феміністкай або не, ці была яна забітай жанчынай або наадварот перадавой. Так што далучайцеся да спрэчкі, але для гэтага трэба прачытаць кнігу», – распавяла кіраўніца праекту «Лета з Амерыканкай», перакладчыца Марыя Мартысевіч.

Марыя распавядае, што збіраць грошы на серыю ўзялася, назіраючы калапс беларускага кнігавыдання – калі пераклады ёсць, але выдаўцы ў іх не зацікаўленыя. Усе перакладчыкі «Амерыканкі» працавалі бясплатна, рукапісы па дзесяць гадоў чакалі свайго часу. Паказальны прыклад Алеся Знаткевіча, які перастварыў «Палёт над гняздом зязюлі»:

«Ён, даглядаючы дзіця, калі зусім маленькі сын засынаў у люльцы, перакладаў Кена Кізі. Цяпер сын ужо, здаецца, у сярэднюю школу пайшоў. То бок дзеці выраслі, а кнігі яшчэ не выйшлі», – адзначае Мартысевіч.

Бясплатныя кінапаказы і заняткі па англійскай мове, якія ладзяцца, каб працягнуць увагу да серыі «Амерыканка», збіраюць шмат гледачоў. А вось падтрымаць пераклад культавых кніг, на жаль, пакуль не так шмат ахвотных. На платформе «Улей» серыя сабрала толькі 20% патрэбнай сумы, а да канца кампаніі ўсяго два тыдні.

Аляксандра Дорская, Марына Вашкевіч