Баі ў клетцы на даху гандлёвага цэнтру. У Менску прайшоў турнір па ММА


У межах адборачнага туру міжнароднага прамоўшэну нумар адзін у нашай краіне «Новае байцовае пакаленне» адбыўся незвычайны жнівеньскі турнір па ММА.

У Менску баі прайшлі даволі высока ў наўпроставым сэнсе слова: клетка актагона была ўсталяваная на даху аднаго з гандлёва-забаўляльных цэнтраў сталіцы пад адкрытым небам.

Менавіта для спартоўцаў, якія яшчэ не маюць за плячыма дастатковага спаборніцкага досведу ў ММА, было вырашана стварыць серыю новых турніраў «Новае байцовае пакаленне». У першым туры было дастаткова пачаткоўцаў, для якіх удзел у такіх ММА – баявыя мастацтвы (часта няправільна іх называюць «баямі без правілаў»), якія ўяўляюць сабой спалучэнне мноства тэхнік, школ і кірункаў адзінаборстваў.

ММА – поўнакантактавы бой з выкарыстаннем ударнай тэхнікі і барацьбы як у стойцы, гэтак і ў партэры.

Антон Рыбчонак, матчмэйкер лігі NFG:

«Гэта не баі без правілаў – гэта спорт, тут шмат відаў: самба, бокс, дзюдо, тайскі бокс. Ёсць правілы, ёсць процьма добрых спартоўцаў, я выбраў найлепшых з Рэспублікі Беларусь, і яны будуць спаборнічаць за права ўдзелу ў асноўнай нашай лізе».

Сёлета ў беларускай сталіцы ўжо адбыліся 2 івэнты, якія запомніліся высокім узроўнем арганізацыі ды яскравымі баямі з удзелам наймацнейшых прадстаўнікоў змяшаных адзінаборстваў у нашай краіне: Аляксандра Кавалёва, Міхаіла Адзінцова, Руслана Калодкі. Гэтым разам таксама ўсе было на вышыні, спартоўцы выкладаліся напоўніцу, не абышлося і без крыві.

Дзмітрый Раманаў, майстар спорту па кікбоксінгу:

«Як бачыце, выгуляў, перамог датэрмінова, рассячэннем апаненту. Усё мяне задавальняе, падрыхтоўка і мае так праходзіць, каб у выніку перамагаць».

Не толькі байцы ў клетцы прыцягвалі сваю ўвагу, нельга было не заўважыць іхных трэнераў-секундантаў, якія ў падказках сваім выхаванцам не шкадавалі словаў ды эмоцыяў, і не паназіраць за імі.

У праграме байцоўскага вечара, апроч кваліфікацыйных баёў, адбыліся адразу некалькі Гран-пры ў розных вагавых катэгорыях, а спартоўцам, каб трапіць туды, неабходна было правесці па два баі.

Яўген Артысюк, КМС, прызёр РБ па рукапашным баі:

«Бой даўся добра, выканалі ўсё тое, што было запланаванае. Супернік не здзівіў, мы гэтага чакалі, што ён больш будзе больш біць нагамі, таму была задача перавесці яго ў партэр, а ўжо дапрацаваць».

Для тых, хто не змог трапіць на дах цэнтру, каб наўпрост паназіраць за баямі, трансляцыя вялася на вялікім ЛЭД-экране, які размяшчаўся на фасадзе гандлёвага комплексу, таму і на вуліцы хапала нераўнадушных да гэтага віду спорту гледачоў.

Аляксандр Кадзеля, пераможца міжнародных турніраў па грэплінгу:

«Бой прайшоў цяжкавата, пасля першага раўнду крыху прадыхаўся, а ў другім ужо было нармальна. Амаль усе атрымоўвалася, не прапускаў асабліва ўдараў, сам накідваў. Удушэнне – мой любімы прыём, і я яго дарабіў да канца на 100 %».

Пераможцы Гран-пры атрымалі магчымасць правесці двубоі ўжо на рэйтынгавых турнірах «Новае байцовае пакаленне», найбліжэйшы з якіх пройдзе 27 верасня ў Менску.

Дзмітрый Сухановіч, belsat.eu