Бабін Яр: 75 гадоў злачынству, якое забрала жыцці дзясяткаў тысячаў бязвінных


З Украінай смуткуе ўвесь свет. Сёння ва ўрочышчы Бабін Яр у паўночна-заходняй частцы Кіева ўзгадваюць ахвяраў злачынства, што забрала жыцці дзясяткаў тысяч бязвінных мірных жыхароў.

«26 асобаў з нашай сям’і паляглі ў Бабіным Яры. Гэта былі браты і сёстры майго дзеда і бабулі. Іхныя дзеці, пляменнікі, унукі. Усіх забралі і расстралялі ў Бабіным Яры. Мой бацька прыклаў вельмі шмат намаганняў дзеля высвятлення асобаў нашых забітых сваякоў, і цяпер іхныя імёны ў Кнізе памяці», – кажа сваячка загінулых у Бабіным Яры.

Першыя масавыя расстрэлы ў Бабіным Яры адбыліся 27 верасня 1941 года – у гэты дзень ва ўрочышчы забілі 752 пацыенты псіхіятрычнага шпіталю. А ўжо 29 і 30 верасня вайскоўцы вермахта расстралялі тут каля 34 тыс. габрэяў, якіх запэўнілі, што проста перасяляюць у іншае месца. Усяго ж, паводле розных ацэнак, з пачатку вайны і да 1943 года тут закатавалі ад 70 да 200 тыс. асобаў. Выратавацца ўдалося толькі 29-ці асобам.

«Тыя каты, якія расстрэльвалі тут за гадзіну больш за тысячу людзей – толькі ўдумайцеся ў гэтую лічбу – ніколі не думалі пра Нюрнбэрг, ніколі не думалі, што яны будуць прыцягнутыя да адказнасці, ніколі не думалі пра тое, што, калі ім будзе 80–90 гадоў, яны апынуцца на лаве падсудных. А таму пра гэта мусіць памятаць сённяшняе пакаленне, праваахоўная ды судовая сістэма», – адзначае Васіль Грыцак, кіраўнік Службы бяспекі Украіны.

Доўгі час праўду пра злачынства ў Бабіным Яры савецкія ўлады хавалі ад грамадскасці.

«У 1970-ыя гады і 1980-ыя я і шмат якія мае сябры 29 верасня праводзілі ў прэвентыўным затрыманні па некалькі гадзінаў, каб не даць нам магчымасці прыехаць на Бабін Яр. Такія былі спробы савецкай улады сцерці гэта з памяці», – распавядае праваабаронца Натан Шчаранскі.

Асабліва не любілі ўзгадваць пра тое, што тут расстрэльвалі менавіта габрэяў.

«Змоўчвалі шмат чаго негатыўнага. І асабліва тое, што ў расстрэлах бралі ўдзел не толькі немцы, а нават у большай частцы калабарацыяністы», – кажа журналіст Сямён Ліякумовіч.

Сёння падчас афіцыйных мерапрыемстваў у Бабіным Яры, у якіх бярэ ўдзел у тым ліку і старшыня Рады Еўропы Дональд Туск, узгадваючы трагедыю 75-гадовай даўніны, прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заклікаў міжнародную супольнасць да захавання міру ўва ўсім свеце ды заявіў, што ва Украіне няма месца антысемітызму.

«Украіна больш ніколі не дапусціць расавай дыскрымінацыі, аднаўлення фашызму, пераследу за нацыянальныя ідэі, расколу краіны праз мову, веру ды паводле якой-небудзь іншай прыкметы. Украіна адзіная», – заявіў украінскі прэзідэнт.

І, хоць мінула 75 гадоў з тых трагічных падзеяў, народная памяць пра Бабін Яр, у якім палеглі ў тым ліку і нашыя суайчыннікі, жыве. Днямі тут з’явіўся яшчэ адзін манумент – «Цыганская кібітка». А ўжо сёння прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка разам з грамадскімі дзеячамі падпісаў Дэкларацыю аб стварэнні першага Мемарыяльнага цэнтру ахвяраў Галакосту – «Бабін Яр».

Віталь Бабін