Свет «Улады Украіны не хочуць нам дапамагаць». Канал крымскіх татараў ужо два гады транслюе з Кіеву


Пасля анексіі Крыму Расеяй незалежны крымскататарскі тэлеканал пакінуў паўвыспу і цяпер транслюе з Кіева. ATR страціў большасць рэкламадаўцаў і існуе дзякуючы ахвяравання гледачоў ды амерыканскай дапамозе. Украінскія ўлады каналу дапамагаць не хочуць.

У красавіку 2015-га года праз палітычны ціск расейскіх уладаў кіраўніцтва тэлеканалу ATR пастанавіла пакінуць паўвыспу Крым – цяпер ён транслюецца з Кіева.

Пасля гэтага Дзяржаўны дэпартамент ЗША абвінаваціў Расею ў закрыцці крымскататарскіх медыяў. Таксама былі адзначаныя факты запужвання і дыскрымінацыі татараў, у тым ліку з удзелам прадстаўнікоў праваахоўных органаў.

Больш дваццаці тысячаў крымскіх татараў ужо выехала з Крыму пасля апошняй акупацыі, – кажа намеснік дырэктара ATR Айдэр Муждабаеў. У Крыме няма турыстаў у такой колькасці як раней, але ёсць вялізарныя коркі на дарогах».

Сёння тэлеканал працягвае распавядаць пра палітычныя, культурніцкія ды сацыяльныя падзеі ў Крыме. Гледачы прысылаюць інфармацыю і відэа праз сацыяльныя сеткі, забяспечваючы журналістаў інфармацыяй з акупаваных тэрыторыяў.

У Кіеве журналістам даводзіцца сутыкацца з іншымі праблемамі. ATR транслюе на трох мовах – украінскай, расейскай і крымскататарскай, аднак, адпаведна ўкраінскаму заканадаўству, 75 % транслявання мае адбывацца па-ўкраінску. Такое патрабаванне канал, які транслюе для татараў, выканаць не ў стане.

«Калі ты крымска-татарскі канал і ты спрабуеш штосьці зрабіць без Крыма, без свайго народа – гэта нерэальна. Працаваць вельмі цяжка», – кажа рэдактарка Эльмаў Асанава.

Пакідаўшы тэрыторыю Крыму, тэлеканал пазбавіўся і сваіх рэкламадаўцаў, што адбілася на бюджэце. Кіраўніцтва намагаецца знайсці дадатковыя крыніцы фінансавання, у тым ліку з недзяржаўных фондаў.

«У нас фінансавыя праблемы. Улады краіны не хочуць дапамагаць нам па незразумелых для нас прычынаў, мы неяк выжываем, – кажа дырэктар ATR Айдэр Муждабаеў. – У нас ёсць патэнцыял, каб стаць добрым украінскім каналам».

Сёння ATR падтрымліваецца Фондам развіцця медыяў амбасады ЗША ўва Украіне і просіць гледачоў рабіць ахвяраванні.

Не зважаючы на ўсе цяжкасці, журналісты вераць, што здолеюць дамагчыся з’яўлення незалежнай крымскататарскай аўтаноміі ў Крыме і вернуцца дадому.

Ігар Віняўскі, фота вокладкі – Аляксей Паўлішак / ТАСС

 

Каментары