Агляд падзеяў культуры Антычны тэатр.doc


Скульптуры правадыроў – як дэкарацыі для антычнай трагедыі. Спектакль «Антыгона» рэжысёра Аляксандра Марчанкі паказалі ў музеі Азгура.

Да статуяў як да бостваў звяртаецца галоўная гераіня ў выкананні акторкі Дарʼі Новік. Яна адная грае трагедыю Сафокла з палкімі дыялогамі ды опернымі спевамі, музыку да якіх, дарэчы, напісала самая. Але раптам дзынкае званочак – і да антычных жарсцяў далучаюцца галасы з залы. Гісторыі ўласнага маральнага выбару распавядаюць вядомыя менчукі – дырэктар платформы «Talaka.by» Іван Вядзенін, прадзюсар Уладзімір Шаблінскі, сацыёлаг Таццяна Вадалажская, каардынатарка «Жывых бібліятэк» Марына Штрахава. Спектакль паўстаў падчас семінару па тэхналогіі эспэн, калі людзі з розным бэкграўндам абмяркоўвалі філасофскія тэксты. Класічны канфлікт «Антыгоны» паміж дзяржаўным і асабістым яны адшукалі ў сучаснасці, кажа рэжысёр Аляксандр Марчанка.

«Справа ў тым, што ў кожнага з нас ёсць гісторыя, якая будзе сугучная тым праблемам, тым тэмам, тым канфліктам, якія мы бачым у гэтым старажытным тэксце. Але гэтыя людзі знайшлі ў сабе мужнасць іх распавесці, і таму мы чуем іхныя гісторыі».

Можна быць чэмпіёнкаю свету па муай-тай, але як перажыць галоўную паразу – страту ненароджанага дзіцяці? Як прабачыць бацьку, які падняў на цябе руку? Як гэта, калі твае прынцыпы ўласная маці лічыць лухтою? Рэдактар «Беларусского журналу» Андрэй Аляксандраў распавядае, як пакінуў прэстыжную працу ў Лондане, каб стацца сведкам падзеяў украінскага Майдану і вярнуцца ў Беларусь:

«Усю сваю карʼеру я працаваў журналістам і прызвычаіўся да таго, што распавядаю чужыя гісторыі, а гэта якраз досвед, калі я распавядаю сваю».

Крывавая трагедыя Антыгоны адступае на другі план перад маленькімі жыццёвымі драмамі сучаснікаў.

Ці будуць яшчэ летнія паказы спектаклю – пакуль не вядома, але дакладна ён увойдзе ў праграму фестывалю «Тэарт» у кастрычніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Я не думала, што пішу літаратуру». Кнігу Тані Скарынкінай адзначыў брытанскі ПЭН-цэнтр.
Працягваюцца пошукі крыжа Еўфрасінні Полацкай. Куды вядуць сляды?
Дзе ў Варшаве жывуць прывіды.
Ці гатовыя мы да вайны? Лірыка і цуд анімацыі ў калекцыі Вайцюшкевіча.

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык, «Белсат

Каментары