Анатоль Лябедзька: За $ 178 не пражывеш


Сон розуму і палітычная шызафрэнія

Валер Руселік: Пратаколаў на вас не склалі, але перапісалі вашыя дадзеныя. Ці азначае гэта, што ў непрыемным інцыдэнце рана ставіць кропку?Анатоль Лябедзька: Са знакаў пунктуацыі я б абраў коску. Ужо былі прэцэдэнты, калі завочна складалі і пратаколы, і праводзілі судовыя працэсы. Гэта было сёлета ў адносінах да мяне і нашых актывістаў. Я б не спяшаўся казаць, што справа завершаная.Як вы наагул ацэньваеце гэтую паездку ўключна з гэтым інцыдэнтам?Усе пункты праграмы мы выканалі. Мы прыехалі знянацку, нас там не чакалі. Апошнім часам гэта нашая тактыка: мы не абвяшчаем у сродках масавай інфармацыі, не размаўляем праз тэлефон, людзі, якія выязджаюць са мной, не ведаюць, куды мы едзем.Мы прыехалі (у Крупкі. – Заўв. «Белсат»), схадзілі на кірмаш, мелі цесную камунікацыю з прадпрымальнікамі – у нас поўнае паразуменне па «Платформе 11» – нашым супольным бачанні, што трэба рабіць прадпрымальнікам у Беларусі. Пасля гэтага мы наведалі суд. Праўда, пакуль мы дайшлі, ён ужо скончыўся – за 8 хвілінаў. Там судовы канвеер – да судовай адказнасці прыцягнулі больш за 20 прадпрымальнікаў.Усё было больш-менш нармальна, пакуль мы не схадзілі ў мясцовы райвыканкам – гэта таксама быў пункт нашае праграмы, – дзе зарэгістравалі прапанову правесці круглы стол па стварэнні новых працоўных месцаў. Калі мы выйшлі і ішлі па горадзе ў пошуку кавярні, спыніўся аўтамабіль – тры маёры, пастарунак і ўсё астатняе. Я б сказаў так: сон розуму і палітычная шызафрэнія.

Каманда «фас» не гучыць, але ў краіне нічога не змяняецца

Вас спрабавалі абвінаваціць у раздачы інфармацыйных матэрыялаў – улётак. То бок, за вамі сачылі раней, калі вы хадзілі і сустракаліся з людзьмі, аднак міліцыя падʼехала толькі пасля візіту ў райвыканкам. Чаму ўлады так баяцца круглага стала і дыялогу?Мяркую, мясцовыя ўлады баяцца ўсяго. Лябедзька прыехаў – страшнавата. Таму лепш яго забраць і правесці дадатковыя кансультацыі, што рабіць у гэтай сітуацыі – на ўсялякі выпадак. Увесь час гэты молах раскручваўся – яны звычайна рэагавалі як цэрберы паводле каманды «фас».Цяпер сітуацыя быццам іншая: наўпрост каманда «фас» не гучыць, але разам з тым нічога ў краіне не змяняецца. Можа, дзяржава паводзіць сябе не так брутальна, але інтэнсіўнасць рэпрэсіяў не змяншаецца. Мяркую, гэта проста такая перастрахоўка.Калі нам перакрываюць кісларод – гэта вельмі выразнае палітычнае пасланне: «мы не дамо вам сустракацца з людзьмі».Мы разумеем, што нашае пасланне даходзіць да людзей, а ўлада не хоча, каб гэтая камунікацыя была. Таму будзе трываць халодная вайна: мы ўсё роўна будзем ездзіць і ў Дзяржынск, і ў Слонім, і ў іншыя гарады. І калі нас будуць пастаянна прыцягваць да адказнасці за раздачу інфармацыйнай прадукцыі – а гэтае права забяспечана нам законам аб палітычных партыях і Канстытуцыяй, – то гэта вельмі кепскі знак перад выбарчай кампаніяй.

Людзі кажуць пра снайпера

Як вы ацанілі б настроі жыхароў гэтых маленькіх гарадоў?Што новага? Падчас такіх візітаў звычайна тры-чатыры чалавекі (звычайна гэта мужчыны, канешне) гавораць пра стралка ці снайпера – хтосьці з усмешкаю, а хтосьці сурʼёзна. Гэта гаворыць аб радыкалізацыі настрояў.У гэтых гарадах абсалютна пазітыўныя адносіны да людзей, якія прыходзяць з пасланнем, што трэба мяняць эканамічную сітуацыю. Калі мы гаворым пра новыя працоўныя месцы, пра падаткі, пра тое, што трэба змяняць для прадпрымальнікаў – тут поўнае паразуменне. Пакупнікі, якія стаяць побач, таксама адчуваюць крызіс. Я скажу, што калі б у Беларусь былі свабодныя сумленныя выбары, прыхільнікі Лукашэнкі аказаліся б у меншасці ў парламенце. Я проста перакананы ў гэтым менавіта паводле вынікаў такіх паездак.Ці можна казаць, што калі людзі пойдуць на выбарчыя ўчасткі, іх пакліча туды слова «дастала»?Я не выключаю сітуацыю, што лічбы ўжо напісаныя. Калі людзі выйдуць на знак пратэсту супраць палітыкі тупіка, у якой сёння аказалася краіна праз Лукашэнку, яны якраз могуць аддаць свой голас палітычнай апазіцыі.З аднаго боку, гэта будзе пратэставае галасаванне, з другога – галасаванне за перамены. Насамрэч сітуацыя дастала: за $ 178 не пражывеш.Размаўляў Валер Руселік