Гарачы каментар Аляксандр Класкоўскі: паведамленні «Рэгнуму» – класічны ўкід і чарговая праява інфармацыйнай вайны


Канфлікт паміж афіцыйнымі Масквою ды Менскам і не думае згасаць. У дадатак да харчовых і энергетычных войнаў, абвінавачванні ўва ўтрыманстве і прапагандысцкіх атак цяпер Расея аднаўляе і мяжу з Беларуссю.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі каментуе інфармацыю «Рэгнума» наконт выхаду Беларусі з інтэграцыйных постсавецкіх праектаў ЕАЭС, АДКБ і нават з Саюзнай дзяржавы.

Па сакрэце скажу, што сёння мне некалькі разоў званілі з маскоўскіх медыяў і настойліва прасілі пракаментаваць гэтую інфармацыю. Я пытаўся, хіба гэта інфармацыя? Гэта класічны «ўкід».

Я не лічу «Рэгнум» СМІ. Гэта правакацыйны рэсурс, які мэтанакіравана займаецца такімі прапагандысцкімі ўкідамі. Як факт пра гэта кажуць словы, што «Масква не будзе рэагаваць на выхад Беларусі з інтэграцыйных структур». Нібыта гэта ўжо нешта вырашанае. І тое, як расейскія медыі ўхапіліся за раскрутку тэмы, высмактанай з пальца, наводзіць на думку, што гэта не выпадковасць, а чарговая праява інфармацыйнай вайны паміж Менскам і Масквой. І гэты крок скіраваны на дыскрэдытацыю беларускага боку. Ну а думаць, што «Рэгнум» займаецца нейкай журналістыкай не выпадае. Як вядома траіх яго аўтараў Лукашэнка, я кажу умоўна Лукашэнка, Следчы камітэт, арыштавалі. І гэтага было дастаткова, каб «Рэгнум» закусіў цуглі і мэтанакіравана займаўся тым, што муціць ваду.

Ці гэта самастойная творчасць, ці паводле загаду зверху, гэта супадае з настроем вялікай часткі расейскіх элітаў, якія хочуць нарэшце Лукашэнку прызваць да нейкага адказу, паставіць на месца, альбо як модна казаць у расейскіх медыях, перадухіліць сыход Беларусі паводле ўкраінскай схемы.

Размову Валерыя Руселіка з Аляксандрам Класкоўскім глядзіце ў «Гарачым каментары».

ДР belsat.eu

Каментары