Збірае па некалькі сотняў подпісаў на дзень супраць дэкрэту аб «сацыяльным утрыманстве». Зазнаў пагрозы ад міліцыі, і вось цяпер – тэлефанаванне з мясцовага РАУСу і выклік да інспектара.
Грамадскага актывіста з Берасцейшчыны Аляксандра Кабанава міліцыянты запрашаюць, верагодна, для складання пратаколу за быццам несанкцыянаваны пікет.
Менавіта абвінавачанне ў парушэнні правілаў правядзенне масавых акцыяў – асноўны інструмент змагання ўладаў супраць збору подпісаў праціўнікамі дэкрэту аб гэтак званых дармаедах.
«Дэкрэтам незадаволеныя ўсе. У Івацэвічах 4 з 5 прадпрыемстваў зачыненыя. Працы няма. Людзі актыўна падпісваюцца. Людзі кажуць: »дайце нам працу і мы будзем працаваць«. Цэнтры занятасці прапануюць вакансіі, на якія маладыя людзі не хочуць ісці. Яны хочуць працаваць па спецыяльнасці, а не дворнікам за 1,5 мільёны», – распавядае Аляксандр Кабанаў.
Паводле актывіста, людзі вельмі незадаволеныя і гатовыя ісці на акцыі пратэсту.
«Я прапаную людзям ісці да сваіх дэпутатаў і распавядаць пра набалелае. Таксама трэба збіраць подпісы і выходзіць на пратэсты, каб улада пачала мяняць сваё стаўленне да людзей», – упэўнены актывіст.
16-га і 17-га лютага ў шэрагу гарадоў краіны пройдуць адмысловыя прыёмы грамадзянаў прадстаўнікамі ўладаў рознага ўзроўню, каб абмеркаваць «дэкрэт аб сацыяльным утрыманстве».
ЮВ, belsat.eu