Гарачы каментар Актывіст прафсаюзу РЭП: Людзі адбівалі мяне ў участковага


Збор подпісаў пад петыцыяй аказаўся пад забаронаю берасцейскіх уладаў. Актывіста прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Аляксандра Сахарука будуць судзіць за збор подпісаў супраць дэкрэту аб дармаедах як за несанкцыянаваны пікет.

Паводле самога актывіста, пятага лютага падчас збору подпісаў у Берасці да яго падышоў міліцыянт, узяў тлумачэнне і сфатаграфаваў Аляксандра Сахарука. Сёння падчас выкліку ў Маскоўскі РАУС гораду склалі пратакол за «несанкцыянаваны пікет» і запрасілі на суд, які пройдзе 20-га лютага. Прафсаюзны дзеяч лічыць, што гэта спроба застрашыць зборшчыкаў па ўсёй Беларусі, якія агулам сабралі дзясяткі тысячаў подпісаў праціўнікаў дэкрэту, пра што ён распавёў у эфіры «Белсату».

На мяне нібыта паскардзіліся, што я перашкаджаю грамадзянам. А людзі пачалі падыходзіць і адбіваць мяне ў участковага.

Улада ідзе на запужванне мяне і грамадзянаў. Людзі ўжо не так баяцца. Людзі актыўна падпісваюцца супраць дэкрэту. Але на пратэсты яшчэ не гатовыя. Гатовыя падпісацца, але не на акцыі.

  • Падаткавікі разаслалі каля 470 тысячаў паведамленняў на аплату збору, але толькі 44 з паловаю тысячы беларусаў пералічылі грошы на рахунак дзяржавы. Тым часам абурэнне грамадзянаў расце. Дзясяткі тысячаў асобаў падпісваюць звароты да ўладаў – адмяніць дэкрэт. Апазіцыя рыхтуе акцыі пратэсту і заахвочвае людзей масава пісаць скаргі ў падатковыя, мясцовыя выканкамы ды асабіста кіраўніку Беларусі, але ні ў якім разе не плаціць «дармаедскі» збор.

Размову Юрыя Салодкага з Аляксандрам Сахаруком глядзіце ў «Гарачым каментары»

Каментары