«Адзіны такі замак у ВКЛ»: як уберагчы Стары замак у Горадні ад рэстаўрацыі?


Стары замак у Горадні – адзін з самых старадаўніх і каштоўных помнікаў нашай гісторыі – трэба рэстаўраваць. Але, на меркаванне навукоўцаў, аднаўленчыя працы могуць нанесці яму непапраўную шкоду.

Апошні раз замак рэстаўравалі ў 1950-я гг. Цяпер жа – на падставе макету архітэктара Уладзіміра Бачкова і ў сувязі з дзяржаўнаю праграмаю «Замкі Беларусі» – плануецца аднаўленне Старога замку, у выніку якога знясуць некалькі аднапавярховых будынкаў першай паловы ХХ ст., над палацам Баторыя дабудуюць трэці паверх, зʼявяцца вежа (барбакан), крытая галерэя, брама, мерная хата, камяніца, фрагмент драўлянага мосту XVI ст. і адзін пралёт каменнага мосту XVII–XIX стст.

Вакол праекту разгарэліся спрэчкі. Гісторыкі сцвярджаюць, што прапановы Бачкова не карэктныя, а запланаваныя аздабленні ды прыбудовы – фантазія, якой не пацвярджае ніводная крыніца.

Гісторык Мікалай Волкаў займаецца гісторыяй Старога замку не першы год: «Калі мы чытаем апісанне замку, а пасля бачым праект Бачкова – то гэта два зусім розныя замкі. І таму я называю адзін замак замкам Баторыя, а другі – замкам Бачкова».

Новая камяніца з боку Нёмну, надбудовы паверхаў на вежах і галерэях, якіх насамрэч не было, руйнаванне аўтэнтычных элементаў будынку і купал над уязною вежай, які, паводле Бачкова, мае быць буйны і цалкам сферычны (за што аздобу ўжо празвалі «планетарыем»)…

Тым часам у замку Баторыя правальваецца падлога, і, на думку гісторыка Волкава, менавіта кансервацыяй аўтэнтычных элементаў трэба перадусім і заняцца: «Замак трэба захоўваць. Трэба распрацоўваць меры для ўмацавання схілаў. А ў нас фактычна гэтыя захады падмяняюцца нейкімі дарагімі праектамі нейкіх прыгожых замкаў у стылі «дыснэйлэнд», прабачце».

Навукоўцы бачаць і яшчэ адну небяспеку: праект Бачкова прадугледжвае ўзвядзенне вялікіх збудаванняў на строме Нёмну, а гэта пагражае апоўзнямі, як здарылася з Каложскаю царквою, фрагмент якой абваліўся ў раку, ці з вежаю замку ў Наваградку.

Думку пра кансервацыю гарадзенскага помніка як прыярытэт падзяляе і гісторык Мечыслаў Супрон: «Аднавіць трэба сам палац, а не чапаць арыгінальных старых пабудоваў, тым больш – штосьці нішчыць».

Рэзідэнцыя вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх, Стары замак адыгрываў важную ролю ў жыцці чатырох сучасных народаў: беларускага, літоўскага, польскага і ўкраінскага. У часы сярэднявечча гарадзенскі замак стаяў у авангардзе барацьбы з крыжацкаю навалаю, набыўшы з цягам часу славу легендарнага. Гэта адзіны захаваны каралеўскі замак на землях Беларусі, і не толькі Беларусі, кажа Мікалай Волкаў: «Калі вы ўзгадаеце каралеўскія замкі ў Вільні і ў Варшаве, то яны там адбудаваныя. А ў нас замак – аўтэнтычны, стары цалкам».

Застаецца спадзявацца, што вядомы гісторыі з ХІІ ст. стары гарадзенскі замак не знішчаць нашыя сучаснікі ў ХХІ.

ІНШЫЯ ТЭМЫ:

У Магілёве можа зʼявіцца новая арт-прастора. Горад паклікаў на дапамогу недзяржаўныя арганізацыі.

Літоўцы ўбачылі арыгінал «Малой падарожнай кніжкі» Скарыны.

Вольга Гардзейчык, «Белсат»