Асабісты капітал Адпачынак у беларускім санаторыі каштуе, як паездка на Шры-Ланку


Беларускі спявак Дзядзя Ваня аддае перавагу актыўнаму адпачынку: летам два-тры тыдні серфінгу на Гоа і Шры Ланцы, узімку – сноўборд. Прызнаецца, што пакуль вялікай нагоды паляпшаць стан здароў’я не было. А вось ягоныя бацькі ездзяць лячыцца часта і вельмі задаволеныя адпачынкам у Беларусі.

Мы пастанавілі зрабіць эксперымент: ці ёсць яшчэ месцы ў айчынных санаторыях, дзе спявак з жонкаю і сямігадоваю дачкою маглі б улетку правесці два тыдні.

У санаторыі «Беларусачка» ёсць выбар: або двухмясцовы з дадатковаю раскладанкаю для дзіцяці, або двухпакаёвы люкс – 336 рублёў за содні ці $ 2,5 тыс. за 2 тыдні. Удзельнік нашага эксперыменту кажа, што за гэтыя грошы можна злятаць на Шры-Ланку.

У санаторыі «Зялёны бор», напрыклад, таксама засталіся апошнія прапановы, але кошты там удвая ніжэйшыя. Агулам кошты на пуцёўкі пачынаюцца ад 25 рублёў за содні. Прычым паўсюль каштарыс нам спачатку называлі ў расейскіх рублях, аўтаматычна прымаючы за расейцаў.

Усіх вабіць добрая медычная база нашых санаторыяў, якой ня могуць пахваліцца суседнія краіны. Шмат хто звяртае ўвагу на кошты: маўляў, іх не адрозніш ад курортных. Аднак адмыслоўца адзначае, што параўноўваць гэтыя адпачынкі нельга. У кошт пуцёўкі звычайна ўлучаныя ад пяці да сямі відаў працэдураў і харчаванне – на замову або шведскі стол. У траўні бальшыню пуцёвак звычайна ўжо прададзена. Аднак нават калі ў самім санаторыі пуцёвак няма, іх яшчэ можна знайсці ў турыстычных фірмах, што рэзервуюць пад сябе пэўную колькасць.

Аздараўляльны комплекс «Іслач-Парк» побач з Ракавам пабудавалі на тэрыторыі былога Дому пісьменнікаў. Гэта прыклад сучасных рэкрэацыйных цэнтраў, куды едуць ня лекавацца, а для аздараўлення і камфортнага адпачынку ў цішыні. Кошт за асобу тут складае восемдзесят рублёў на содні, за дзве асобы – сто дваццаць, са сняданкам і наведваннем водна-тэрмальнае зоны. Спа-працэдуры ды вячэра – за дадатковую плату. У сезон, асабліва на выходныя, людзей тут вельмі шмат. Але пакуль на лета месцы яшчэ ёсць.

Глядзіце іншыя сюжэты праграмы «Асабісты капітал»:

Глядзі таксама
Каментары