Ад Рагнеды да Касцюшкі – цікава і з ілюстрацыямі. У Менску прэзентавалі кнігу Арлова


Гістарычныя падзеі ды знакамітыя асобы беларускай зямлі: захапляльна, простаю мовай і з каляровымі ілюстрацыямі. У Нацыянальным мастацкім музеі адбылася прэзентацыя кнігі Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі».

Храналогія гістарычных аповедаў – ад першых плямёнаў да паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Часам пісаць Уладзіміру Арлову дапамагалі самыя героі.

«Калі мне прыснілася Сафія Слуцкая, яна мне сапраўды дапамагла, таму што я канчаткова разабраўся, за якога Януша Радзівіла яна выйшла замуж. Бо было некалькі Янушаў Радзівілаў у гэтым родзе, у нашай гісторыі», – распавёў Уладзімір Арлоў.

Ілюстрацыі ж рыхтавалі доўгія шэсць гадоў: Павел Татарнікаў даследаваў архітэктурныя планы ды музейныя архівы і рэканструяваў абліччы постацяў.

«Значная частка асобаў, вядомых з нашай гісторыі, жылі ў тыя часы, калі не было партрэтаў, не было відаў і жанраў мастацтва, дзе б яны маглі быць выяўленыя. Напрыклад, Рагнеда і Рагвалод, Усяслаў чарадзей і гэтак амаль ажно да часоў Рэнесансу… І, зразумела, мастаку трэба вырашаць гэта пытанне», – адзначыў ілюстратар Павел Татарнікаў.

У выніку некаторыя партрэты мастак пісаў з Ніла Гілевіча, Гаўрылы Вашчанкі ды проста сваіх сяброў.

Дасяжны ад пачатку года праз замову ў інтэрнэце наклад тры тысячы асобнікаў раскупілі за два тыдні. Да афіцыйнай прэзентацыі выдавецтва рыхтавала дадатковы наклад.

Юнага чытача чакае працяг выдання: у другой частцы «Айчыны» аўтары абяцаюць распавесці між іншага пра сталінскі тэрор, трагедыю калектывізацыі і Курапаты.

Юлія Лабанава, Марына Вашкевіч; фота: Арцём Бардоўскі / «Спутник»