Абаронцы Курапатаў маюць намер трымаць варту каля рэстарацыі «Поедем поедим» да самага канца


50 базавых (гэта 1225 рублёў) штрафу атрымаў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец. Суддзя Менскага раённага суду Віктар Шаўцоў прызнаў палітыка і актыўнага абаронцу Курапатаў вінаватым у непадпарадкаванні супрауоўнікам ДАІ. Напярэдадні ўвечары Севярынец з іншымі актывістамі не прапусціў на тэрыторыю скандальнай рэстарацыі «Паедзем паядзім» яе дырэктарку Святлану Дубкову, пасля чаго быў затрыманы аўтаінспектарамі. Ноч Севярынец правёў у ізалятары.

Але нягледзячы на затрыманні, пераслед і штрафы, актывісты надалей трымаюць варту каля Курапатаў. Ганна Шапуцька, грамадская актывістка, кажа, што нягледзячы ні на што, варта будзе працягвацца.

«Нягледзячы на суд над Паўлам Севярынцам, дзень сёння быў спакойны. Наведнікаў у рэстарацыю амаль няма. Мы надалей спадзяемся, што розум і сумленне ва ўладаў возьме верх. Чакаем адказаў ад чыноўнікаў у справе далейшага існавання рэстарацыі ў такім фармаце. І калі мы атрымаем нейкія адказы, у прыватнасці, з Генпракуратуры, то і будзем рабіць высновы», – распавяла Ганна Шапуцька.

Абаронцы Курапатаў маюць намер трымаць варту да самага канца. Штодня актывісты ладзяць акцыю пратэсту каля рэстарацыі «Поедем поедим» з 31 траўня.

Цалкам размова ў відэа.