Свет Абараняючы хаўрусніка: Расея ды Кітай заблакавалі санкцыі супраць рэжыму Асада


Расея і Кітай скарысталіся правам вета ў Радзе бяспекі ААН, каб заблакаваць рэзалюцыю аб Сірыі. Тое, што Крэмль не дапусціць ніякіх санкцыяў у дачыненні рэжыму Башара аль-Асада, агучыў напярэдадні Уладзімір Пуцін у Кыргызстане падчас прэс-канферэнцыі.

Высновы следчай камісіі ААН пра тое, што ўрадавыя войскі скінулі з верталётаў тры кантэйнеры з хлорам, не сталі пераканаўчымі для Масквы ды Пекіну. Супраць рэзалюцыі таксама прагаласавала Балівія, яшчэ тры краіны з 16-ці – Казахстан, Эфіопія і Егіпет – устрымаліся.

«Усе чальцы Рады бяспекі павінныя імкнуцца глыбока зразумець сірыйскую сітуацыю. І роля кожнай краіны важная ў гэтым працэсе, каб разабрацца, што ёсць дабро і зло. Мы сапраўды адказныя за народ Сірыі ды іншых рэгіёнаў на Блізкім Усходзе», – заявіў Лю Цзе І, прадстаўнік Кітаю ў ААН.

Расея назвала прапанаваную рэзалюцыю правакацыйнай, сцвярджаючы, што ўскладанне адказнасці за ўжыванне хімічных рэчываў на Дамаск – усяго толькі чарговая перадумова для зрынання рэжыму Асада.

«Сённяшняе сутыкненне або супрацьстаянне не вынік нашага адмоўнага галасавання. Гэта вынік таго, што вы адважыліся на правакацыю, хаця загадзя ведалі нашую пазіцыю», – заўважыў Уладзімір Сафронкаў, намеснік прадстаўніка Расеі ў ААН.

Прадстаўніца ЗША ў ААН НІкі Гэйлі ў сваю чаргу адзначыла, што Расея і Кітай не выступалі супраць расследавання, якое вялося цягам года. Аднак цяпер выказваюцца супраць яго вынікаў – маўляў, яны непераканаўчыя.

Вось што заявіла прадстаўніца ЗША ў ААН:

«Расея проста не хоча крытыкаваць рэжыму Асада за ўжыванне хімічнай зброі. Гэта праўда. Дык што мы скажам цяпер свету, калі хаўруснікі Кітай ды Расея будуць прыкрываць сваіх сяброў, якія выкарыстоўваюць хімічную зброю, каб забіваць уласных людзей?!»

На чарговых перамовах, што працягваюцца ў Жэневе, сірыйская апазіцыя запатрабавала наўпроставых перамоваў з афіцыйным Дамаскам. Працэс, аднак, паводле апанентаў Асада, не можа паўнавартасна развівацца, пакуль Расея не прыпыніць падтрымліваць рэжым дзейнага кіраўніка Сірыі.

«Мы шкадуем, што Расея выкарыстала сёмы раз права вета, але нас гэта не здзівіла. Калі яны сапраўды клапоцяцца пра сірыйцаў, то мусяць рухацца да працэсу, ісці наперад, ціснуць на гэты рэжым. З гэтым рэжымам мы не дасягнем нічога, калі не будзе ціску. І адзіная краіна, якая можа гэта зрабіць, – Расея», – адзначыў Салем Аль-Муслет, прадстаўнік сірыйскай апазіцыі.

Меркаваныя санкцыі, заблакаваныя Расеяй ды Кітаем, прадугледжвалі замарожванне фінансаў, забарону на ўезд пэўных асобаў на тэрыторыі дзяржаваў – чальцоў ААН, а таксама экспарт сірыйскім уладам хлору і рэчываў, унесеных у спісы Канвенцыі аб хімічнай зброі, а таксама ўсіх відаў зброі.

Чытайце таксама:

Ігар Віняўскі, belsat.eu

Каментары