Свет 30 % французаў праігнаравалі выбары, бо «з аднаго боку – расістка Ле Пэн, з другога – банкір Макрон, які ўсё прыватызуе»


Францыя абрала новага прэзідэнта. Эманюэль Макрон перамог у другім туры выбараў ультраправую нацыяналістку Марын Ле Пэн і набраў 66 % галасоў падтрымання. Аднак былая лідарка «Нацыянальнага фронту» не здаецца і заяўляе пра новую барацьбу падчас будучых парламенцкіх выбараў.

Францыя прачнулася з новым прэзідэнтам. Яшчэ невядомы нікому тры гады таму Эманюэль Макрон стаўся чарговым кіраўніком Францыі. 39-цігадовы прэзідэнт неўзабаве прыступіць да выканання перадвыбарчых абяцанняў.

«Давайце любіць Францыю, пачынаючы з гэтага вечара і цягам наступных пяці гадоў. Я буду з пакораю, самаадданасцю і рашучасцю служыць дзяржаве ад вашага імя. Няхай жыве рэспубліка, няхай жыве Францыя!», – заклікаў Макрон.

Марын Ле Пэн, якая перад другім турам выбараў склала з сябе паўнамоцтвы лідара партыі «Нацыянальны фронт», набрала 34 %.

«Французскі народ абраў новага прэзідэнта рэспублікі і прагаласаваў за пераемнасць. Я заклікаю ўсіх патрыётаў далучацца да нас, каб прыняць удзел у вызначальнай палітычнай бітве», – заявіла Ле Пэн.

Аднак ад палітычнае бітвы французы ўжо стаміліся. Вынікі перамогі Эманюэля Макрона аналітыкі называюць галасаваннем супраць Марын Ле Пэн. Выбіралі з дзвюх бедаў меншую.

«Шчасце? Ну толькі таму, што Ле Пэн не прэзідэнт. Сёння мы галасавалі больш супраць кагосьці, чымся за кагосьці», – кажа парыжанка.

Выбары адметныя яшчэ і рэкорднаю няяўкаю на выбары. Больш за 30 % выбарнікаў у выніку не абіралі прэзідэнта. Або праігнаравалі выбары, або прагаласавалі супраць усіх кандыдатаў. Некаторыя з іх выйшлі на акцыю пратэсту.

«З аднаго боку – расістка Ле Пэн, з другога – банкір Макрон, які ўсё прыватызуе і падпіша кантракты з ЗША ды Канадаю. Я не хачу галасаваць толькі каб блакаваць Ле Пэн», – мяркуе ўдзельніца пратэсту Каралін Брэер.

Эманюэля Макрона наперадзе чакае шмат цяжкасцяў. У парламенце ў яго няма падтрымання, а Ле Пэн хоць і зазнала паразу, але набрала ўдвая больш галасоў, чымся ейны бацька 15 гадоў таму.

Акрамя таго, ужо ўлетку Францыю чакаюць новыя выбары – у Нацыянальны сход, якія аналітыкі называюць ледзь ня больш важнымі за прэзідэнцкія.

Ігар Віняўскі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары