Сімяон Полацкі. Цывілізаваць імперыю


Сімяон Полацкі быў першым паэтам у Масковіі, стварыў там першы тэатр, запачаткаваў вышэйшую адукацыю і выхаваў дзяцей цара. Але чаму ён пайшоў на службу да Раманавых, якія спалілі палову Беларусі падчас Крывавага патопу? А пасля ўсяго, што ён зрабіў, у Расеі Сімяона Полацкага паспрабавалі забыць?

Самуіл Пятроўскі-Сітняновіч (менавіта так цалкам гучала ягонае прозвішча) нарадзіўся ў Полацку ў 1629 годзе. З маленства паказаў здольнасці ў навуках, дзякуючы чаму скончыў Кіева-Магілянскую акадэмію і Віленскую езуіцкую акадэмію. Пасля гэтага стаўся манахам і ўвайшоў у гісторыю як Сімяон Полацкі.

Пасля захопу Полацку падчас вайны з Рэччу Паспалітаю цар Аляксей Міхайлавіч Націшэйшы надумаў наведаць Полацк і тут пазнаёміўся з маладым манахам, які зачытаў яму адмыслова складзены панегірык. Гэтым манахам і быў Сімяон Полацкі. Але чаму так сталася?

«Праваслаўныя беларусы і ўкраінцы на працягу некалькіх стагоддзяў жылі ў палоне ружовага туману ўяўленняў пра тое, што аднойчы можа прыйсці расейскі цар і вызваліць іх ад каталіцкага прыгнёту. А заадно зрабіць іхнае жыццё лепшым. Сімяон быў адным з такіх», – тлумачыць Цімох Акудовіч, вядоўца праграмы «Вусы Скарыны».

У выніку пасля вызвалення Полацку войскамі Рэчы Паспалітай Сімяону Полацкаму, да якога мясцовыя жыхары ставіліся не вельмі добра, памятаючы пра панегірык на імя маскоўскага цара, давялося выехаць у Масковію. Тут ён стаў выкладаць лацінскую мову работнікам Прыказу тайных справаў, які рыхтаваў шпіёнаў і дыпламатаў Масковіі для заходніх краінаў. Як з выкладчыка лаціны Сімяон Полацкі ўзняўся да настаўніка дзяцей цара? Што запачаткаваў у Маскве? Як праз ягонага вучня цара Фёдара сталі праводзіцца ў Расеі рэформы і да чаго гэта ўрэшце прывяло? Што сталася са спадчынаю Сімяона Полацкага і чаму ён перайшоў на службу Раманавых? Адказы шукайце ў новым выданні праграмы «Вусы Скарыны».

«Сімяон шчыра хацеў, каб варварская дзяржава, якая была галоўным абаронцам ягонай веры, сталася больш еўрапейскай і больш нармальнай. У жніўні 1680 года ён паміраў пасля таго, як шмат паспеў зрабіць на гэтым шляху», – тлумачыць Цімох Акудовіч.

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Wikimedia Commons