Полк Каліноўскага заправіў і сагнаў танк пад носам расейцаў


Зняць гармату з падбітай БМП, адбуксіраваць кінутую гаўбіцу ці нават заправіць і сагнаць цэлы танк пад носам расейцаў – чаго толькі ні рабіў Жэрар падчас службы ў палку Каліноўскага! Пра гэтыя дзёрзкія аперацыі ён апавёў у новым выданні праграмы «Ваяры».

Жэрар пакінуў Беларусь, бо браў актыўны ўдзел у пратэстах 2020 года.

«Я хадзіў на мітынгі рэгулярна з групаю хлопцаў, барабанілі ў барабаны. Можа, памятаеце, на мітынгах была такая платформа на колах, на якой стаяла барабанная ўстаноўка, і хлопцы гралі на ёй, ну вось я з гэтымі хлопцамі быў, я гэтую платформу цягаў», – распавядае беларус.

Жэрара неаднаразова затрымлівалі, тры разы ён адседзеў. Калі сілавікі пачалі «круціць паводле больш сур’ёзнага артыкулу», беларус зʼехаў у Расею, а потым – ва Украіну.

На новым месцы Жэрар уладкаваўся працаваць на станцыю тэхнічнага абслугоўвання, зняў жытло, дзе маглі спыніцца ўсе беларусы, якім быў патрэбны прытулак: пакуль чакалі, напрыклад, атрымання візы, шукалі працу або жытло. Аднойчы хтосьці пачапіў на плот каля дому Жэрара лукашэнкаўскі чырвона-зялёны сцяг. Беларус кажа, што гэта быў «прывецік» ад кадэбістаў.

Калі пачалося расейскае ўварванне, Жэрар вывез знаёмых дзяўчат разам са сваймі катамі ў Польшчу, а сам вярнуўся ва Украіну. Тут ён запісаўся ў батальён Кастуся Каліноўскага.

Жэрар трапіў у падраздзяленне ПЗРК, якое потым пераўтварылася ў роту агнявога падтрымання пад камандаваннем Брэста. Пасля адной з баявых задачаў Жэрар зразумеў, што фізічна не цягне быць штурмавіком. Баластам для пабрацімаў ён рабіцца не хацеў, таму напісаў рапарт на звальненне. Але Брэст парваў рапарт і сказаў, што знойдзе іншы ўжытак з ягоных талентаў. Гэтак Жэрар пачаў шукаць і збіраць трафеі.

Пра Брэста мы распавядалі ў адным з мінулых выданняў праграмы:

8 жніўня 2023 года Жэрар скончыў службу.

Якою была самая крутая задача ў эвакуацыі трафейнай тэхнікі? Што Жэрар параіў бы сабе самому ў мінулым? Што б ён змяніў, каб меў магчымасць? Чаго зычыць наш герой беларусам у Беларусі? Пра гэта даведаецеся з новага выдання «Ваяроў». У выданні вы пабачыце таксама эксклюзіўныя франтавыя відэа ад нашага героя.

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.