Праграміста і музыку Андрэя Прыстаўку шмат хто ведае ў Берасці. Аднойчы яго напаткала вельмі цікавая ідэя.
«Я зразумеў, што пратэставаць толькі ў нядзелі і нейкім адмысловым чынам – не асабліва эфектыўна. А пратэставаць кожную хвіліну, калі мяне бачаць, – больш эфектыўна. І падумаў, чаму б не быць бел-чырвона-беламу сцягу заўсёды са мною. Таму я папрасіў, каб мне пафарбавалі валасы ў бел-чырвона-белыя колеры».
За актыўнасць мужчыну неаднаразова затрымлівалі ў родным горадзе. 8 лістапада Андрэя сілавікі схапілі ўжо ў Менску.
«Я пайшоў па вуліцы Багдановіча да мосту, і ў гэты момант пад’ехалі бусы. Адтуль выбег амапавец. Я не супраціўляўся. Пасля словаў «мордай у падлогу» мяне пачалі збіваць гумавым дручком, – апавядае мужчына падзеі таго дня. – Збівалі проста так, без якіх-кольвек прэтэнзіяў або патрабаванняў. Проста збівалі, і ўсё».
Суд пакараў Андрэя Прыстаўку 15-дзённым арыштам. Як ужо выявілася пасля вызвалення, увесь гэты час у яго была зламаная рука.
22 снежня, трымаючы сцяг з Пагоняй, Андрэй выйшаў на адзіночны пікет у Берасці. І зноўку апынуўся за кратамі.
«Затрымалі за парушэнне спосабаў правядзення масавых мерапрыемстваў, а менавіта – адзіночнага пікету. Мяне адвезлі ў ІЧУ, там я двое содняў чакаў суда. Адвезлі мяне ў суд, але суд не адбыўся, з нейкай прычыны суддзя накіраваў справу на дапрацоўку».
Ужо праз пару дзён у кватэру Андрэя Прыстаўкі пагрукалі міліцыянты. У мясцовым ізалятары часовага ўтрымання мужчына правёў усе зімовыя святы.
«Навагодні вечар у ІЧУ нічым не адрозніваецца ад штодзённага, – прыгадвае Андрэй. – Нехта мне перадаваў святочны каптурок, я выйшаў у ім на вечаровую праверку ды павіншаваў ахоўнікаў з Новым годам. Вось і ўсе адрозненні».
Забраны ў нашага героя сцяг з Пагоняю суд пастанавіў знішчыць. Наколькі законныя гэтыя дзеянні, мы запыталі адмыслоўца.
«Людзі часам падавалі скаргі, што забралі іхную маёмасць, сапраўды, мой сцяг – мая маёмасць. Здаралася, што людзям вярталі сцягі, – кажа гісторык Дзмітрый Дрозд. – Цяпер, наколькі я ведаю, увялі змены ў Кодэкс аб адміністратыўных парушэннях. І цяпер гэтыя незарэгістраваныя сцягі разглядаюцца як злачынная прылада».
Нягледзячы на ціск і рэпрэсіі, Андрэй Прыстаўка не губляе аптымізму ды верыць у перамогу.
«Нават калі мы пераможам не заўтра і не пазаўтра, а нават праз месяц, або нават праз год, я не сумняюся, што мы пераможам. Бо сітуацыя вельмі нестабільная. Практычна ўсе беларусы супраць дзейнай улады, а рэжым упарта не зважае на гэта», – казаў на развітанне са здымачнаю групаю «Маю права» Андрэй Прыстаўка.
Праваабарончую праграму «Маю права»глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life»або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.