Захад рыхтуе для Лукашэнкі трыбунал, а не перамовы


Чаму Лукашэнка ігнаруе заклікі да перамоваў як Захаду, так і Пуціна і чым гэта свеціць яму ў будучыні? Ці адбудзецца рэферэндум аб Канстытуцыі і каму ён патрэбны? Наколькі добрая стратэгія дэмакратычных сілаў – ісці на рэферэндум і псаваць бюлетэні? Ці запрацуе «Паўночная плынь – 2» і як новы нямецкі ўрад будзе ставіцца да Пуціна і ягоных планаў у нашым рэгіёне?

Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні шукалі ўдзельнікі чарговага выдання праграмы Змітра Міцкевіча «Без акрэдытацыі»: журналістка і доктар сацыялагічных навук Наста Ільіна, дырэктар Інстытуту сусветнай палітыкі Яўген Магда, а таксама старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

Некаторыя з тэзаў, выказаных удзельнікамі.

Наста Ільіна

  • Час круглага стала згублены, замест гэтага мы бачылі прабежку Лукашэнкі з аўтаматам.
  • Рэферэндум у Беларусі – гэта як рэферэндум у ДНР і ЛНР, бо Беларусь цяпер – акупаваная краіна, краіна з абмежаваным суверэнітэтам.
  • Ніхто ў Беларусі так добра не псуе бюлетэні, як Лідзія Ярмошына – беларусам проста няма сэнсу з ёй у гэтым спаборнічаць.

Юрый Губарэвіч

  • Санкцыі Захаду пакуль істотна не ўплываюць на эканоміку і настроі рэжыму Лукашэнкі.
  • Абяцанкі, якія даваў Лукашэнка Пуціну, дагэтуль не выконваюцца. Гэта значыць, што ў Расеі не так шмат інструментаў, каб паўплываць на сітуацыю ў Беларусі.
  • Няма добрых сцэнароў для рэферэндуму, бо ўсё будзе кантралявацца рэжымам. Але і ў рэжыму няма ўпэўненасці, што ўсё пройдзе паводле ягонага сцэнара.

Яўген Магда

  • Крэмль можа весці сепаратныя, кулуарныя перамовы з беларускай апазіцыяй, але не публічныя і адкрытыя, бо пакуль бачыць сітуацыю ў Беларусі дастаткова падкантрольнай.
  • Новы канцлер Германіі на працягу бліжэйшых ста дзён паедзе ў Маскву, каб наладзіць дыялог з Пуціным.
  • Нямецкі істэблішмент лічыць, што «Паўночная плынь – 2» ужо ёсць і што гэты газаправод запрацуе. Можна біцца аб заклад, што ён будзе працаваць.

Поўную версію дыскусіі глядзіце ў праграме «Без акрэдытацыі».

Калаж з фота: Sergei Bobylev, TASS, Forum / Julia Zabrodzka, Forum / POOL, Reuters, Forum