Генацыд у Беларусі для Лукашэнкі – сямейная справа?


Лукашэнкаўская Беларусь і пуцінская Расея вярнуліся да савецкага падыходу ў асэнсаванні Галакосту. Дыктатары спадзяюцца, што гэта дазволіць ім умацаваць сваю ўладу. Як гэта працуе і які падыход да Галакосту маюць гісторыкі на Захадзе?

Галакост (Шоа) пачынаўся як масавая дыскрымінацыя габрэйскага насельніцтва ў 1933–1945 гадах і прывёў да фізічнага вынішчэння 6 мільёнаў асобаў у розных краінах Еўропы, у тым ліку ў Беларусі.  Шоа – габрэйскае слова, якое азначае катастрофу. Гэты тэрмін, у прыватнасці, азначае забойства амаль 6 млн габрэяў у Еўропе нацысцкай Нямеччынай і яе паплечнікамі падчас Другой сусветнай вайны. Англамоўныя краіны часцей выкарыстоўваюць слова Галакост, якое па-грэцку азначае «ахвяра ў агні».

Ужо адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ўзніклі розныя падыходы да асэнсавання Галакосту. Заходні шлях прадугледжваў публічную дыскусію наконт прычынаў, хады, наступстваў, а самае важнае – адказнасці за Галакост. Памяць пра Галакост урэшце зрабілася ідэалагічнай асновай Еўрапейскага Звязу.

Супрацьлегла выглядаў савецкі падыход, дзе тэма Галакосту не ўздымалася. У савецкім, а пасля і расейскім трактаванні панесеных тады ахвяраў, габрэі (а зрэшты, і беларусы з украінцамі) лічыліся савецкімі грамадзянамі. Таму на большасці савецкіх помнікаў, пастаўленых пасля вайны, было напісана: мірныя савецкія грамадзяне, ахвяры фашызму.

Здавалася, што сітуацыя змянілася пасля распаду СССР. Але вось у Беларусі прэзентуюць падручнік «Генацыд беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны», а ў Расеі 19 сакавіка робіцца Днём адзіных дзеянняў у памяць пра генацыд савецкага народу нацыстамі ды іх хаўруснікамі ў гады Вялікай Айчыннай.

Hавiны
Гісторык пра скажэнні ў Законе аб генацыдзе: Нацысты ніколі не забівалі беларусаў за тое, што яны беларусы
2022.01.27 12:42

Госці праграмы:

  • Міхал Трэмбач (Польшча) – доктар гуманітарных навук, выканальнік абавязкаў дырэктара Габрэйскага гістарычнага інстытуту імя Эмануэля Рынгельблюма ў Варшаве
  • Крыстаф Дыкман (Нямеччына) – доктар гістарычных навук, выкладчык гістарычнага інстытут Бэрнскага ўніверсітэту. Узнагароджаны міжнароднай кніжнай прэміяй «Яд Вашэм» за даследаванне «Нямецкая акупацыйная палітыка ў Літве 1941–1944 гадоў»
  • Вераніка Лапуцька (Беларусь) – даследніца Галакосту ў Беларусі, стыпендыятка 2022 года Музею-мемарыялу Галакосту ў Вашынгтоне
  • Юрый Амір Радчанка (Украіна) – доктар гістарычных навук, сузаснавальнік і дырэктар Цэнтру вывучэння міжэтнічных стасункаў ва Усходняй Еўропе. Быў узнагароджаны міжнароднай прэміяй за публікацыю «Габрэі і неліберальныя рэжымы ва Усходняй Еўропе пасля 1917 года»

Аўтарка і вядоўца – Наста Ільіна, гісторык, кандыдатка гуманітарных навук.

Праграма паўстала пры падтрыманні Фонду польска-нямецкай супрацы.

Праграму «Intermarium» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Wikimedia Commons; president.gov.by