Ці варта паверыць Лукашэнку і вярнуцца ў Беларусь?


Рэжым кліча палітычных мігрантаў назад. Што чакае «беглых» пасля вяртання – турэмныя нары ці нармальнае жыццё? Абмяркоўваем у студыі ток-шоу «План: Б» разам з гасцьмі – гісторыкам Аляксеем Ластоўскім і палітычным прадстаўніком палка Каліноўскага Дзмітрыем Шчыгельскім.

Дзмітрый Шчыгельскі не раіць «збеглым» беларусам вяртацца цяпер. Галоўную праблему госць студыі звязвае з тым, што ў Беларусі не існуе законаў і ніхто ніякіх гарантыяў даць не можа:

«Лукашэнка – гаспадар свайго слова. Сёння даў – заўтра забраў. І нават калі ён шчыра сёння скажа, што я вам нешта гарантую, гэта не гарантуе насамрэч нічога».

Паэт, перакладчык Андрэй Хадановіч называе магчымае вяртанне беларусаў на радзіму латарэяй. Трэба быць моцным рызыкантам ці невыносна засумаваць па радзіме, каб згуляць з рэжымам, з карнікамі ў гэтую латарэю.

Аляксей Ластоўскі марыць пра вяртанне дадому. Без Беларусі жывецца складана і цяжка. Аднак ён не расцэньвае прапановы рэжыму сур’ёзна. У аперацыі вяртання гісторык бачыць працяг гульні ў фікцыю, якая была створаная ўладамі, бо яны дзесяцігоддзямі жывуць у мройным свеце, дзе паўсюль ворагі.

«Вяртацца трэба, але на «Абрамсе» або прынамсі «Леапардзе», – працягвае дыскусію спадар Шчыгельскі.

Галоўная праблема ў тым, паводле госця ў студыі, што беларускае грамадства ўвесь час спадзяецца на нейкія акалічнасці, трэцюю сілу, якая дапаможа развязаць праблемы Беларусі: санкцыі ЗША, вынік вайны, хваробы і смерць Лукашэнкі, уваход палка Каліноўскага. Беларусы мусяць развязваць свае пытанні самастойна, найперш тыя, хто ў Беларусі.

Таксама ў праграме:

  • Чым скончылася вяртанне ў савецкую Беларусь уцеклых беларусаў?
  • Ці адчувае рэжым цвёрды грунт пад нагамі?
  • Калі ў Беларусі з’явіцца шанец?
  • Як беларусам у краіне далучыцца да барацьбы?

Глядзіце ток-шоу «План: Б» на YouTube-канале «Белсат News», у праграме «Belsat Smart» для тэлевізараў с функцыяй«Smart», на мабільных прыладах з сістэмамі iOS и «Android», a таксама ў эфиры «Белсата».

belsat.eu