Пане Каханку. Размаўляў з каралём па-беларуску і змагаўся з Расеяй


Самы багаты чалавек ВКЛ, якому належаў Нясвіжскі замак. Ягоныя неймаверныя прыгоды і прыдумкі ператварыліся ў анекдоты. Быў вядомы і спробамі ўратаваць сваю краіну, аднак толькі прыспешыў яе падзенне. Хто такі Пане Каханку?

Пане Каханку – ён жа Караль Станіслаў Радзівіл – застаўся ў нашай гісторыі найперш згадкамі, як забаўляўся «яздою ў санках у мядзведжай запрэжцы шасцерыком па летняй дарозе, высыпанай соллю». Ён нарадзіўся 27 лютага 1734 года ў сям’і Міхаіла Радзівіла Рыбанькі і Францішкі Уршулі ды гадаваўся вельмі пеставаным дзіцём, што і адбілася на ўсім ягоным далейшым жыцці. Неахвочы Караль быў і да навукі: нават не ўмеў чытаць да 15 гадоў.

«Навучыўся тады, калі настаўнік убачыў, што Караль любіць страляць з пісталета. Настаўнік развесіў у парку літары з алфавіту. Караль паліў па гэтых таблічках і такім чынам паступова навучыўся чытаць», – распавядае Цімох Акудовіч, вядоўца праграмы «Вусы Скарыны».

Калі Караль Радзівіл стаўся гаспадаром вялізных уладанняў па розных кутах Рэчы Паспалітай, то паспрабаваў сябе ў палітыцы. Але даволі няўдала супрацьстаяў каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, якога падтрымлівала расейская імператрыца Кацярына ІІ. Пасля прайгранай бітвы каля Слоніму ў 1764 годзе нават вымушаны быў выправіцца ў эміграцыю.

Вяртанне, потым ізноў эміграцыя пасля паразы Барскай канфедэрацыі, зноў вяртанне ўрэшце адбілі ягоную спробу стацца вялікім палітыкам. У выніку ён запомніўся дзівацтвамі ў стылі прыгодаў барона Мюнхгаўзэна.

Пра асобу Караля Станіслава Радзівіла – Пане Каханку – глядзіце ў новым выданні праграмы «Вусы Скарыны» з Цімохам Акудовічам.

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.