«Замова». Кароткаметражны фільм на Каляды


Галоўны герой – паляшук, які як сучасны чалавек карыстаецца ўсімі дасягненнямі тэхнікі. Але ёсць у ягонай душы асаблівы закаморак. Там жыве старажытныя мова, песні і паданні ягонай бабулі. Іхная магічная сіла захоплівае яго ўсё больш, падмацоўвае і натхняе.

Адмысловае выданне праграмы зробленае як кароткаметражны фільм «Замова» на падставе аднайменнага тэатральнага праекту. Праект паўстаў на матывы песень і рытуалаў Палесся, у тым ліку замоваў, магічных закляццяў, якія мусілі бараніць ад «ліхога вока».

«Голас маёй бабулі. Яна гаворыць са мною. Расказвае нейкія дзіўныя вясковыя байкі. Мне яны падаюцца смешнымі. І гаворка ейная падаецца смешнаю. Але мне так цёпла ад ейнага голасу! Я разам з ёю пачынаю гаварыць і думаць на гэтай смешнай гаворцы. Мы разам смяёмся», – з цеплынёй успамінае галоўны герой.

Паляшук знаходзіць тую важную частку сябе, дзеля каторай і варта жыць. Чым хочацца падзяліцца са светам. Перадаць свайму сыну. Нешта, што павінна жыць далей. Што ж гэта такое?

  • Аўтар і рэжысёр: Максім Шышко
  • Музыка: Мікіта Залатар
  • Акторы: Андрэй Новік, Дар’я Новік
  • Выкананне: Марыя Пятровіч, Дар’я Новік
  • Гуказапіс: Павел Сініла
  • Студыя гуказапісу «Everest Media»

Адукацыйную праграму «Мова нанова» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.