Наступны раз у Менску? Сувязіст батальёну «Тэрор» выбраўся на вакацыі ў Кіеў


Мір – сувязіст батальёну «Тэрор». Ён паехаў у Кіеў, каб прысвяціць першы ваенны адпачынак свайму хобі. Што гэта будзе, і як жыве горад, нягледзячы на абстрэлы, адключэнні электрычнасці ды перабоі з вадою, – у нашым матэрыяле.

Да службы ў Збройных сілах Украіны Мір працаваў сеткавым інжынерам у Кракаве. З пачаткам поўнамаштабнай расейскай агрэсіі ён далучыўся да шыхтаў палка Каліноўскага. Цяпер Мір у батальёне «Тэрор», які аддзяліўся ад палка.

Мір жартуе, што неаглядна запытаўся ў рэкруцёраў палка, чаго яны чакаюць ад навабранцаў.

«Маё першае пытанне было: чым я магу заняцца на вайне, чым магу быць карысны? Але я сфармуляваў яго крыху неаглядна – я спытаў: чаго яны чакаюць ад навабранцаў? І адказ, які я атрымаў, быў кшталту: «Безразважнасці і адвагі!» Штосьці зусім бессэнсоўнае, – пасміхаецца Мір, – таму мне давялося прыехаць да іх у мабілізацыйны цэнтр у Варшаве і на месцы высвятляць. У выніку я знайшоў сябе ў ролі сувязіста, спецыяліста ў галіне радыёсувязі».

Як кожны беларускі добраахвотнік, Мір прайшоў вучэбку, заняткі тактыкаю і тактычнаю медыцынаю. Ён працуе каля лініі фронту, хоць на самым «нулі» (перадавой) бывае рэдка – задачы сувязіста зусім іншыя. Як адзначае наш герой, такіх, як ён, спецыялістаў у галіне радыёсувязі даволі мала. Асабліва іх не хапае ў добраахвотніцкіх падраздзяленнях, бо туды найперш трапляюць людзі, якія хочуць ваяваць.

Гэтае выданне праграмы здымалася ў Кіеве, куды наш герой выбраўся на вакацыі, першыя за паўгода на фронце.

Як бавіць Мір свой вольны ад вайны час? Якія мясціны Кіева наведаў наш герой? Як жывуць кіяўляне ў ваенных умовах? Якія талісманы атрымаў Мір ад знаёмых дзяўчат? Усё гэта вы даведаецеся ў калядным выданні «Ваяроў».

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook