Ніне Багінскай патрэбная дапамога


У 2020 годзе Ніна Багінская пад бел-чырвона-белым сцягам зрабілася адным з сімвалаў беларускай рэвалюцыі. Рэжым Лукашэнкі нядаўна адабраў у яе лецішча, і напярэдадні Калядаў ёй патрэбная нашая дапамога.

«Людзі не хочуць быць рабамі і слугаваць фашыстам. І я таксама падтрымліваю гэты чын нашага народу. Адраджэнне, што я ў сорак гадоў пачала, у 1980-я гады, – цяпер мне за семдзесят, і яно працягваецца», – кажа Ніна Багінская.

У свядомасці беларусаў ейны вобраз – бабуля з БЧБ. Яна выходзіла на маршы пад бел-чырвона-белым сцягам, за што яе шматкроць затрымлівалі і штрафавалі, а за нявыплачаныя штрафы, якіх у Ніны Багінскай хапае, рэжым Лукашэнкі адабраў у яе лецішча.

«Калі мы кажам «Ніна Багінская», то адразу асацыяцыя, што гэта жанчына, якая ідзе з вялізным бел-чырвона-белым сцягам, якая можа пашыхтаваць гэты АМАП і сказаць, што вы такія-сякія, вы не маеце права», – гаворыць Любоў Лунёва, блізкая знаёмая Ніны Багінскай.

Сёння Ніна Багінская мае шмат праблемаў: ейная маёмасць арыштаваная, а стан здароўя пагаршаецца. Аднак яна жадала б напярэдадні Калядаў падтрымаць пасылкамі сем’і палітзняволеных Змітра Дашкевіча, Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца. Такі падарунак яна б з радасцю прыняла ад гледачоў праграмы «Беларус беларусу».

«Яна просіць для Настачкі Дашкевіч, якая чакае свайго мужа з турмы. Яна хоча, каб ёй даслалі пасылку, каб у ёй былі такія хатнія рэчы, як сала, каўбаса, сыр сапраўдны. Можа, нейкія ягады, мёд – тое, што робіцца ў хатняй гаспадарцы. І зёлкі. Яна таксама хоча, каб такую пасылку атрымала Марына Адамовіч, жонка палітвязня Міколы Станкевіча. Каб атрымала гэта да Новага года. Таксама каб атрымала пасылку сям’я Паўла Севярынца – Волечка і Францішак. І каб на пасылцы было напісана: «Ад Аўгінні Ніны Багінскай», – распавядаюць Любоў Лунёва і Валярына Кустава, вядоўца праграмы «Беларус беларусу».

Самой жа Ніне Багінскай патрэбныя лекі і вітаміны, а таксама медычныя кансультацыі – яна мае хворыя ногі. Калі вы можаце дапамагчы, звяртайцеся да нас.

Калі сярод вас ёсць тыя, хто хацеў бы падзяліцца сваімі гісторыямі альбо падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) – лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрыманне і перамога.

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.