Суд над Лукашэнкам у Гаазе – «паніжэнне градусу»?


Міжнародны суд у Гаазе выпіша ордар на Аляксандра Лукашэнкі за ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей? Тады дыктатара з Беларусі, лічыць Міхаіл Кірылюк, чакае лёс Кадафі, Хусэйна ці Мілошэвіча. Але Алесь Міхалевіч лічыць, што гэта «паніжэнне градусу». Новы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

«Выдаць на Лукашэнку ордар цяпер прасцей, чым на Пуціна, таму што і гістарычна такія падставы ёсць. Ёсць прыклад з Мілошэвічам, і ёсць прыклад з Кадафі. Ёсць прыклад польскай пракуратуры, якая выдала ордар на арышт шасці беларускіх чыноўнікаў. Ёсць прыклад пракуратуры Нью-Ёрку, якая прад’явіла абвінавачанні чатыром беларускім высокапастаўленым чыноўнікам у справе «Ryanair», – лічыць праўнік Міхаіл Кірылюк.

Але былы кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч адзначае, што «Няма ні палітычнай мэтазгоднасці, ні юрыдычнага сэнсу гэта рабіць». Усё з-за таго, што Міжнародны суд у Гаазе – гэта «паніжэнне градусу». Насамрэч Лукашэнка здзейсніў столькі злачынстваў, што толькі пералік артыкулаў Крымінальнага кодэксу займае паўтары старонкі А4. Сярод іх:

  • змова, ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтаю захопу дзяржаўнай улады;
  • стварэнне злачыннай арганізацыі, або ўдзел у ёй;
  • акт тэрарызму;
  • стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання;
  • масавыя беспарадкі.
ВІДЭА
«Саджалі на шпагат так, што мужчынскія органы былі на падлозе»
2024.03.20 14:03

Але рэч у тым, што ні па адным з гэтых артыкулаў Міжнародны крымінальны суд не можа распачаць справу.

«Такім чынам прапагандыстам, калі такая справа будзе заведзеная і ордар будзе выдадзены, праз выкраданне тых жа дзяцей ва Украіне, будзе вельмі лёгка бараніцца, будзе вельмі лёгка казаць, што знайшлі, высмакталі з пальца штосьці, а я дапамагаў дзецям. А ёсць яшчэ артыкулы, паводле якіх трэба заводзіць справы і судзіць. Ну і самае галоўнае – гэта нашая беларуская справа. Калі-небудзь гэта ўсё роўна зробім. Справядлівасць павінна быць, і як бы трэба распачынаць справы і патэнцыйна рыхтавацца да таго, што будуць заведзеныя справы паводле гэтых артыкулаў, а не паводле нейкіх рэчаў з міжнароднага крымінальнага», – тлумачыць Алесь Міхалевіч.

Ці сапраўды магчыма, што Міжнародны крымінальны суд выпіша ордар на арышт Лукашэнкі? Што з ім адбудзецца ў такім разе? Як гэта паўплывае на змену ўлады ў Беларусі?

Госці праграмы:

  • Міхаіл Кірылюк, праўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення
  • Алесь Міхалевіч, адвакат, былы кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь

Праграму «Двубой» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат News» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.