Побач з прадукцыяй дзяржаўнага «Беларусьфільму» і светам расейскіх серыялаў існуе сапраўднае беларускае кіно – як дакументальнае, гэтак і мастацкае. Пра яго нам апавёў дырэктар кінафестывалю «Bulbamovie» Януш Гаўрылюк.
Януш Гаўрылюк нарадзіўся на Падляшшы, самым беларускім рэгіёне Польшчы. Пры гэтым лічыць сябе беларусам, а ягоны брат сябе – палякам. «Такая спецыфіка памежжа», – тлумачыць Януш. Гэта нагадвае гісторыю братоў Іваноўскіх: Вацлаў Іваноўскі лічыў сябе беларусам, Тадэвуш – літоўцам, а Юрый (Ежы) – палякам. Кожны з іх зрабіўся выбітным дзеячам іншага народу.
Цікавасць Януша да беларускага кіно вылілася ў сярэдзіне 2000-х у паказ трох фільмаў у Варшаве. Гэта былі мастацкія стужкі «Акупацыя. Містэрыі» (Андрэй Кудзіненка, 2002), «Выпадак з пацаном» (Сяргей Лобан, 2002) і дакументальны фільм «Кола» (Віктар Аслюк, 2004). Калі вы іх не бачылі, наш госць вельмі раіць знайсці і паглядзець.
У 2011 годзе Януш Гаўрылюк атрымаў грант МЗС Польшчы і стварыў фестываль беларускіх фільмаў «Bulbamovie». У 2023-м пройдзе ўжо дзявятая з ліку імпрэза.
Традыцыйна падчас фестывалю адбываюцца не толькі паказы фільмаў, але і сустрэчы з творцамі, дыскусіі, выставы і канцэрты.
Гэты год асаблівы, бо пакажуць серыял «Працэсы», першы серыял «Белсату» аўтарства Андрэя Кашперскага і Міхася Зуя. Такі буйны праект – вялікі крок для беларускага ігравога кіно.
Рэч у тым, што моцным бокам беларускага кінематографу Януш лічыць дакументалістыку. Беларускія рэжысёры неаднойчы атрымлівалі ўзнагароды на замежных фестывалях. Шмат з іх стварыў «Белсат». Іх можна паглядзець на YouTube-канале «Белсат Doc» або на нашай старонцы.
Прыходзьце 24–26 лістапада ў кіно «Iluzjon» (вул. Нарбута 50а, Варшава) на фестываль «Bulbamovie». Праграма фестывалю, Facebook, Instagram.
Падрабязней пра беларускае кіно і ІХ фестываль «Bulbamovie» – у нашай праграме.
У граматычнай частцы Віктар Шукеловіч апавядзе, чаму ён думае пра Рымскую імперыю, калі гаворка заходзіць пра бульбу.
Вядомы – рус. известный
Прывабіць – рус. привлечь
Свядома – рус. сознательно
Зацікаўленне = інтарэс
Грамадзянскі – рус. гражданский
Славуты = знакаміты
Нагода – рус. повод
Шчыра кажучы – рус. честно говоря
Квіток = білет
Крыху = нямнога
Прагляд – рус. просмотр
Абвясціць = аб’явіць
Тагачасны – рус. тогдашний
Напэўна – рус. наверное
Падарожжа = вандроўка – рус. путешествие
Пляцоўка – рус. площадка
Памежны – рус. пограничный
Пераважаць – рус. преобладать
Сёлета = у гэтым годзе
Развітанне – рус. прощание
Цешыцца = радавацца
Рэчышча – рус. русло
Кватэрнік = імпрэза на кватэры
Глядач – рус. зритель
Кола зацікаўленых асобаў – рус. круг заинтересованных лиц
Умовы – рус. условия
Гульнявы – рус. игровой
Узровень – рус. уровень
Паратунак – рус. спасение
Стварыць – рус. создать
Скарыстацца – рус. воспользоваться
Працяг – рус. продолжение
Неспадзянка, неспадзяванка – рус. неожиданность
Абмежаванне – рус. ограничение
Раіць – рус. советовать
Яднаць – рус. объединять
Імпрэза = мерапрыемства
Адукацыйную праграму «Мова нанова» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.
Калаж з фота: Michel Caicedo / unsplash