Ці быў Наваградак сталіцай ВКЛ?


У сярэдзіне XIII стагоддзя на мапе Еўропы з’явілася новая дзяржава – ВКЛ. Яе нараджэнне адбывалася ў складаных геапалітычных умовах: крыжакі Лівонскага і Тэўтонскага ордэнаў, Галіцка-Валынскае княства, татары. Як дзяліць агульнае мінулае і ці варта гэта рабіць? У праграме «Intermarium» разважаюць даследнікі з Літвы, Польшчы і Беларусі.

Асобы першых князёў, якія стаялі ля вытокаў ВКЛ, шмат у чым легендарныя. Гэты факт вынікае не толькі з ацэнкі дасягненняў іхнай дзейнасці, але і нястачы пісьмовых крыніцаў той эпохі. Праз іх фрагментарнасць або поўную адсутнасць шмат якія аспекты палітычнай гісторыі цяперашнія гісторыкі вымушаныя дадумваць, рабіць пэўныя дапушчэнні.

Ужо першы вядомы нам вялікі князь ВКЛ – Міндоўг – пакінуў пасля сябе мноства таямніцаў і загадак. Не да канца ясна, як яму ўдалося ўзвысіцца і аб’яднаць вакол сваёй асобы ваяўнічыя балцкія плямёны. Як ён трапіў у Наваградак?

«Наўпрост нідзе не сказана, што Наваградак быў сталіцай. І нават аўтар апісання земляў, які прысутнічаў на каранацыі Міндоўга, не паведаміў, дзе гэтая каранацыя адбывалася. Але ёсць вельмі шмат ускосных момантаў: вось першая звестка, што саюз балцкага ці літоўскага князя Міндоўга і славянскага ці беларускага гораду Наваградку існаваў, – гэта прыблізна 1248 год. Паводле выпраўленай Міхайлам Грушэўскім храналогіі Галіцка-Валынскага летапісу, калі Міндоўг выгнаў сваіх пляменнікаў, тыя пабеглі на Валынь, Галіч і паскардзіліся тамашняму князю. Князь Даніла стварыў кааліцыю і пайшоў супраць Міндоўга ў Наваградак. […] Акрамя таго, да гэтага часу ў Наваградку існуе гара Міндоўга», – зазначае доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Краўцэвіч.

У рэгіёне, дзе стваралася дзяржава, Наваградак быў на той час фактычна самым буйным горадам, там была, да прыкладу, хрысціянская святыня для каранацыі. Не менш важнае пытанне – ці быў Міндоўг заваёўнікам.

«Як археолаг я праводзіў шмат гадоў раскопкі ў гарадах Панямоння, якія нібыта былі ў першую чаргу заваяваныя літоўцамі. Мяне здзівіла: чаму нас вучылі, што гэта было паралельна са здабываннем Украіны і Расеі манголамі? Але тая мангольская заваёва мае сляды ў культурным слаі гэтых гарадоў: манеты, мангольская зброя. Падчас раскопак у Наваградку, Горадні мы не знайшлі ніякіх слядоў прысутнасці літоўскага панавання», – дадае прафесар Аляксандр Краўцэвіч.

Адказы на гэтыя пытанні надзвычай важныя для разумення сутнасці дзяржаваўтваральных працэсаў ВКЛ і разыходжанняў паміж гісторыкамі ў інтэрпрэтацыі тых падзеяў.

Таксама ў праграме «Intermarium»:

  • Чаму ў ВКЛ так позна складваецца дынастыя?
  • Пры кім з вялікіх князёў фармуюцца дзяржаўныя атрыбуты: герб, двор, пратакол, дыпламатычныя місіі?
  • Ці можам мы сказаць, кім былі князі з нацыянальнасці і на якой мове гаварылі?

Госці праграмы «Intermarium»:

  • Аляксандр Краўцэвіч, доктар гістарычных навук, прафесар, Горадня, Беларусь
  • Кшыштаф Петкевіч, доктар гістарычных навук, прафесар, Познань, Польшча
  • Русціс Камунтавічус, доктар гуманітарных навук, прафесар, Коўна, Літва

Belsat.eu