63-гадовую Алену Гнаўк у Берасці называюць мясцовай Нінай Багінскай. Рэпартэры «Маю права» сустракаюць яе на платформе, куды прыбыў электравік Баранавічы – Берасце. Жыве жанчына за 100 кіламетраў ад абласнога цэнтру, але з 12 жніўня не прапускае аніводнае акцыі.
Першы раз яе затрымалі 4 кастрычніка, калі на калону мірных пратэстоўцаў у Берасці наляцеў АМАП.
«Ведаеце, я стаю, у мяне і боль, і расчараванне… Думаю: дык колькі ж мы будзем бегаць, што ж яны робяць!? – прыгадвае той дзень спадарыня Алена. – І я не ведаю, нейкая сіла мяне штурхнула пад гэты бусік, я выскачыла насупраць гэтых амапаўцаў, падняла два пальцы ды крыкнула: «Жыве Беларусь!»
Месца традыцыйнага збору перад мірнымі маршамі ў Берасці – кінатэатр «Беларусь», што месціцца на пешаходнай вуліцы Савецкай. Спадарыня Алена кажа, што яе затрымлівалі ледзь не на кожным скрыжаванні гэтай вуліцы. Апошні раз пенсіянерку схапілі адразу дзевяцёра невядомых у балаклавах. З-за такой пазнавальнасці сярод сілавікоў нашая гераіня вымушаная заўсёды мець з сабою рэчы на выпадак затрымання:
«Як правіла, два яблыкі, каб штосьці было пажаваць, бутэлечка з вадою, шкляначка і ручнічок. У нядзелю гэта іншыя рэчы – дадаецца трошкі, бо шанцаў быць затрыманай крыху больш».
За адстойванне ўласных правоў Алена Гнаўк прыцягвалася да адказнасці адзінаццаць разоў! Паводле пратаколаў, пенсіянерка адседзела 32 дні, шмат содняў заставалася ў СІЗА проста ў чаканні судоў, а штрафаў атрымала на 120 базавых велічыняў.
«На сённяшні дзень у мяне засталося 50 базавых велічыняў. Гэта ўжо будуць вылічваць у мяне з пенсіі», – удакладняе спадарыня Алена.
Цяпер жа спадарыня Алена – падазраваная ў крымінальнай справе за перакрыццё скрыжавання ў Берасці. Суды ўжо распачаліся, але нашая гераіня не губляе гумару.
«Я засмяялася, кажу: «О, хлопцы, да гэтага часу мы нашага нелегітымнага сальём!» Дык ён у ступар стаў, той следчы, і не ведае, што гаварыць».
Пенсіянерка ад імя беларускага народу прапанавала прадстаўнікам сістэмы пакаяцца або рыхтавацца да Гаагі.
«Некаторыя прыйшлі адказы, што пакідаюць без увагі. А некаторыя пераслалі мае паперы ў Ленінскі РАУС Берасця».
Зінаіда Міхнюк з Берасцейскага прафсаюзу РЭП раіць дакументаваць усе сведчанні парушэння закону:
«Прысуды трэба абскарджваць кожны раз, каб пасля перамогі мы маглі прыцягнуць да адказнасці вінаватых у перавышэнні сваіх паўнамоцтваў. Да міжнародных судоў дайсці. Мы ведаем, што гэта доўга, але разумеем, што гэта будзе вельмі дзейсна – улады гэтага баяцца».
Карэспандэнты «Маю права» праводзяць Алену Гнаўк на ейны электравік. Тры гадзіны да Берасця і назад для яе даўно ўжо звыклая справа. На развітанне з намі яна кажа:
«Ну хтосьці ж, сябры мае, павінен выходзіць, хтосьці павінен паказаць, што ён не баіцца ўлады, затрыманняў, што мы ёсць – і мы не згодныя!»
Праваабарончую праграму «Маю права»глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life»або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.