Каб апраўдаць захоп Беларусі і Украіны, Масква абапіраецца на ідэю трыадзінага рускага народу, паводле каторай беларусы і ўкраінцы мусяць уз’яднацца з расейцамі ў адной дзяржаве. Калі з’явілася гэтая ідэя і чаму сёння яна ўспрымаецца як тэорыя пляскатае Зямлі?
Распачатая яшчэ ў 2014 годзе агрэсія супраць Украіны прымусіла чарговы раз усвядоміць важнасць навуковага – а не палітычнага – падыходу да разумення гістарычнага працэсу. Грамадства сутыкнулася з актыўным выкарыстаннем сярэднявечных практык фальсіфікацыяў ды міфатворчасці гісторыі, што мае на мэце апраўдаць палітыку расейскага імперыялізму і грунтуецца на гвалце і прымусе.
Адным з вызначальных міфаў, што прасоўваецца расейскаю прапагандаю на гістарычным полі, стала сцверджанне, што Кіеўская Русь – гэта пачатковы этап у гісторыі трох братніх народаў Усходняе Еўропы, якія маюць аднаго супольнага продка – рускі народ часоў Кіеўскай Русі, старажытнарускую народнасць.
Маўляў, на працягу IX–X стагоддзяў у выніку збліжэння шматлікіх усходнеславянскіх плямёнаў сфармавалася адзінае моўна-этнічнае ўтварэнне – старажытнаруская народнасць, што праіснавала да пачатку XV стагоддзя. Яна мела агульную тэрыторыю, мову, эканоміку і культуру. Але ў выніку нашэсця мангола-татараў ды злой волі палякаў і літоўцаў Русь і адзіны старажытнарускі народ распаліся.
Такім чынам, паводле імперскага наратыву, з’явіліся беларусы ды ўкраінцы. Таму любое аб’яднанне беларусаў, украінцаў і расейцаў у адзінай дзяржаве, з дамінантнаю роляй апошніх, мусіць успрымацца ўсімі бакамі як аднаўленне гістарычнай справядлівасці.
Калі з’явіўся гэты міф пра «Трыадзіную Святую Русь»? Чаму Расейская імперыя адмовілася прызнаць палякаў чацвёртым братнім народам? Якія факты супярэчаць канцэпцыі трыадзінага рускага народу? Як украінская дыяспара змяніла погляды амерыканскіх гісторыкаў на паходжанне дзяржаўнасці Расеі? Гэтыя пытанні абмеркавалі прафесійныя гісторыкі ў нашай студыі.
Госці праграмы «Intermarium»:
Аўтарка і вядоўца – Наста Ільіна, гісторык, кандыдатка гуманітарных навук.
Праграму «Intermarium» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.
Калаж з фота: Мікола Рэрых «Заморскія госці»/ Wikimedia Commons