Ці можа Расея захапіць Арменію, як Крым? «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Машыну на беларускіх нумарах падрапалі і палілі брудам. Гісторыі беларускіх валанцёраў у Львове

Беларусы ў Львове: як дапамагаюць Украіне перамагчы, з якімі праблемамі сутыкаюцца? Як да іх ставіліся да 2020 года, а як пасля 24 лютага 2022-га? Шмат грамадзянаў Беларусі ўсё яшчэ застаюцца ва Украіне, а некаторыя працуюць валанцёрамі на карысць як самых беларусаў, гэтак і ўкраінцаў. Мы запісалі гісторыі дваіх з іх. Наталля Арэстава пераехала ў Львоў у 2014 годзе і з таго часу дапамагае ў вайсковым шпіталі. А валанцёр Валянцін Цішко застаецца ва Украіне з 2021-га, нават пасля таго як яго прымусова вывезлі на тэрыторыю Польшчы. Падрабязней — у рэпартажы Ірэны Кацяловіч.

«Мы раілі беларускі пашпарт спаліць ці з’есці». Інтэрв’ю з Аляксеем Францкевічам

Беларусаў падчас вайны не саджалі ў эвакуацыйныя цягнікі праз беларускі пашпарт, на блокпастах былі вялікія праблемы. Пашпарт дзяржавы, якую прызнаюць суагрэсарам у вайне Расеі супраць Украіны, не спрашчае там жыцця. Дабрачынны фонд «Вольная Беларусь» намагаецца хоць крыху дапамагчы беларусам ва Украіне. Падрабязнасці — у інтэрв’ю Ірэны Кацяловіч з Аляксеем Францкевічам, кіраўніком фонду. Як збудаваць добрыя стасункі паміж беларусамі і ўкраінцамі? Якія праблемы беларусаў удаецца развязаць, нягледзячы на цяжкую сітуацыю?

F-16 прыляцяць пасля мясарубкі ў Аўдзееўцы. Ці не занадта яны састарэлі?

У вайне Расеі супраць Украіны наступіла фаза балансу сілаў. Украіне патрэбны тэхналагічны прарыў. Якія ўзбраенні могуць яго забяспечыць? Ці ўдасца яго дасягнуць з дапамогаю самалётаў F-16? Якую ролю яны адыграюць? Колькі іх будзе? Якія ў іх перавагі і хібы? Каментуюць Міхаіл Самусь, дырэктар «New Geopolitics Research Network» (Кіеў) і Шыман Тэтэра, галоўны рэдактар часопісу «Lotnictwo» (Польшча).

Наземная аперацыя Ізраілю зацягнулася. Чаму яна ідзе так марудна? 

Ізраільскае войска знішчыла 150 з больш як тысячы тунэляў «Хамасу». Па замінаваных траншэях Цагаль прасоўваецца павольна і вельмі асцярожна. Пры гэтым, што б ні рабіў Ізраіль з пачатку ўварвання баевікоў на яго тэрыторыю, навокал чуваць гучную крытыку яго дзеянняў. Пакуль на Захадзе грымяць прапалестынскія мітынгі, Ізраіль заклікае мірнае насельніцтва Газы эвакуявацца далей ад месца баявых дзеянняў. Аперацыя яўна зацягваецца. Падрабязней — у сюжэце Надзеі Бельскай. Каментуюць вайсковы эксперт Давід Шарп і гісторык Яўген Красулін.

Ці можа Расея захапіць Арменію, як Крым? Інтэрв’ю з Тыгранам Хзмальянам

Арменія ўсё далей адсоўваецца ад Расеі і набліжаецца да Еўрапейскага Звязу. Армяне плануюць мір з Азербайджанам, і як вынік – адкрыццё мяжы з Турцыяй, закрытай 30 гадоў. Ці здолее Масква перашкодзіць надта незалежнай палітыцы ўраду Нікола Пашыньяна і адпомсціць за тое, што афіцыйны Ерэван збіраецца байкатаваць саміт Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы ў Менску? Ці можа гэтая гульня скончыцца расейскай агрэсіяй супраць Арменіі, як гэта было з Украінай ці Чэхаславаччынай у 1968 годзе? Інтэрв’ю з Тыгранам Хзмальянам, старшынём Еўрапейскай партыі Арменіі.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook ! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн,на YouTube-канале і на нашай старонцы.