Калі беларусаў адправяць на вайну з Талібанам?


Увесь свет сочыць за трагічнымі падзеямі ў Афганістане. Там ісламскія фундаменталісты – талібы – скарысталіся вывадам войскаў ЗША і саюзнікаў і практычна імгненна захапілі ўладу. Але адкуль узяліся гэтыя талібы, чаму яны змаглі ўсё захапіць?

Па ўсіх каналах паказваюць хаос і цісканіну ў аэрапорце Кабулу. Людзі спрабуюць уцячы з афганскай сталіцы, якая апошняй здалася талібам.

Радзей паказваюць арганізаваную эвакуацыю афганцаў. У Еўропу і Амерыку вылятаюць прадстаўнікі зрынутай адміністрацыі, працаўнікі амбасадаў дэмакратычных краінаў, перакладчыкі і ўсе, хто дапамагаў войскам саюзнікаў апошнія 20 гадоў. Для іх «Талібан» азначае смерць.

«Другая катэгорыя – гэта тыя прадстаўнікі бізнесу, якія выйгравалі падрады, якія нямала зарабілі на аперацыі ISAF, якая доўжылася ўсе гэтыя 20 гадоў. Толькі паводле афіцыйнай інфармацыі Дзярждэпартаменту ЗША, Амерыка выдаткавала на гэтую аперацыю 1 трыльён долараў», – прыгадвае Раман Бачкала, украінскі ваенны карэспандэнт, які працаваў і ў Афганістане.

Таксама пад пагрозай працаўнікі дэмакратычных структураў і арганізацыяў, неісламісцкія журналісты, афганская інтэлігенцыя.

Расейская амбасада ў Кабуле не эвакуяваная. Афіцыйная пазіцыя Крамля цяпер такая: талібы – добрыя партнёры, а тэрарызм быў пры папярэдняй уладзе, бо тады на вуліцах гучалі выбухі. Праўда, расейскія дыпламаты не ўдакладняюць, хто гэтыя бомбы ўзрываў.

«Цяпер мы пад аховаю талібаў. Даволі вялікі атрад. Пазітыўнае ўражанне, вельмі адэкватныя людзі», – заявіў амбасадар Расеі ў Афганістане Дзмітрый Жырноў.

Калі на хвалі поспеху талібы не спыняцца, а затакуюць суседзяў, улады Беларусі могуць паслаць вайскоўцаў абараняць Таджыкістан, як саюзніка па АДКБ – Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі.

«Калі будуць задзейнічаныя расейскія вайскоўцы, а пры вайсковым канфлікце натуральна, што кантынгент расейскіх войскаў хутчэй за ўсё будзе туды ўведзены, бо Расея разглядае Таджыкістан як зону кантролю і зону сваіх інтарэсаў, то нельга выключаць таго, што Лукашэнка, каб зрабіць жэст падтрымкі Расеі на гэты конт, у межах АДКБ накіруе туды і беларускіх вайскоўцаў», – тлумачыць механізмы АДКБ Андрэй Ягораў, аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

У рэгіёне ўжо ёсць міграцыйны крызіс.

«У першую чаргу Таджыкістан, Узбекістан, яны адчуюць ціск з боку сваіх аднапляменнікаў, якія пражываюць на тэрыторыі Афганістану», – кажа Яўген Красулін, адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях.

Але хваля міграцыі зачэпіць і нас. Фазэль Рахман Ар’яхель кажа, што ён – былы афганскі салдат, і ўцёк ад наступу «Талібану». Цяпер жыве ў былой школе ў літоўскіх Казіцішках, пераробленай на лагер для мігрантаў – гэта зусім недалёка ад Браслаўскіх азёраў. Прабіраўся ў Еўразвяз праз Беларусь.

«Я ўцёк разам з дзецьмі, бо мне пагражалі, мяне папярэджвалі, каб я сышоў са службы і далучыўся да талібаў. Яны забілі майго стрыечнага брата ды іншых чальцоў сямʼі, таму я зʼехаў з дому», – распавядае Фазэль Рахман.

Ад Беларусі да Афганістану – тры тысячы кіламетраў. Але ў нашых дварах гадамі гучалі сумныя песні пад гітару – пра Кандагар, душманаў, цынкавую труну і тую дзяўчыну, якая не дачакалася салдата. Беларусы 9 гадоў былі ў Афганістане як савецкія салдаты, забівалі і паміралі на чужой вайне.

Афганскую вайну прайшлі 30 тысяч беларусаў. 771 там і загінуў. Да камуністычнага перавароту і ўводу савецкіх войскаў у 1979-м годзе Афганістан быў адной з самых свабодных дзяржаваў Цэнтральнай Азіі – са свабоднай прэсай, выбарчым правам жанчын, парламентам. А Савецкі Саюз пакінуў пасля сябе выпаленую зямлю.

Пасля вываду савецкага кантынгенту ў Афганістане пачалася грамадзянская вайна, і пры падтрымцы Пакістану перамаглі талібы – даслоўна гэта значыць «студэнты мусульманскай семінарыі». Яны кіравалі з 1996-га да 2001-га года.

«Падчас мінулага праўлення «Талібану» мы з мамай пайшлі купіць марозіва. Я бачыла, як талібы білі маю маці, бо яна адкрыла свой твар на пару хвілінаў. Сёння нас чакаюць тыя самыя чорныя дні», – распавядае Зарміна Какар, афганская актывістка ў сферы правоў жанчын.

У час мінулага кіравання талібы забаранілі любую веру, акрамя ісламу, разбуралі неісламскую гістарычную спадчыну Афганістану, забаранілі музыку, адсякалі рукі і ногі за крадзеж, праводзілі масавыя забойствы за парушэнне законаў. Жанчынам забаранілі не толькі працаваць і вучыцца, але і выходзіць на вуліцу не ў бурцы, і без сваякоў-мужчынаў. Часам гэта азначала галодную смерць.

«Талібан» у прынцыпе не змяніў сваіх палітычных і ідэалагічных установак. Па сутнасці, іх правільна называюць тэрарыстычнай арганізацыяй. Мы бачым з паведамленняў з Афганістану, што зноўку ўводзяць сістэму шарыяту, дыскрымінацыю шматлікіх групаў грамадства ў Афганістане», – падкрэслівае Андрэй Ягораў.

Калі «Талібан» даў прытулак арабскім тэрарыстам з «Аль-Каіды» і Асаму Бін Ладэну, пасля тэракту 11-га верасня войскі ЗША і саюзнікаў імгненна знішчылі «Ісламскі эмірат Афганістан».

«Мы далі бітву ворагу. Мы змяншаем тэрарыстычную пагрозу для ўсяго свету», – заявіў 43-ці прэзідэнт ЗША Джордж Буш 7 верасня 2003 года.

Але не знішчылі ідэю. «Талібан» выжыў у супрацы з Аль-Каідай і так званай Ісламскай дзяржавай.

«20 гадоў таму, калі сілы кааліцыі ўвайшлі ў Афганістан, «Талібан» быў зрынуты як кіроўная структура, што перагрупавалася, сышла ў жорсткую апазіцыю, а сёння, як гэта часам здараецца, апазіцыя стала ўладай», – распавядае Раман Бачкала.

І гэтая ўлада вяртае старыя звычкі.

«Пара дзяўчынак ехала дадому з навучальнага цэнтру, дарогаю іх спынілі і пабілі талібы за тое, што яны абулі адкрытыя сандалі. Талібы сказалі, што дзяўчынкі носяць іх, каб спакушаць маладых мужчынаў», – распавядае Нілафар, былая афганская настаўніца, якая цяпер уцякае ад талібаў.

«Я загадзя папрасіла прабачэння ў сваіх сяброў за ўсё мінулае, бо калі прыйдзе «Талібан», то нас усіх забʼюць», – ледзь стрымлівае слёзы Тараном Сэедзі, прадпрымальніца і актывістка.

Афіцыйна талібы прыкідваюцца больш цярплівымі: даюць уцячы частцы афганцаў, разважаюць пра перамоўныя працэсы і магчымасць стварэння шырокага ўраду. Выключна з палітычнымі мэтамі.

«Яны разумеюць, што статус краіны-ізгоя не дасць ім замацавацца ў кароткатэрміновай перспектыве. І яны б хацелі гэтага пазбегнуць прынамсі цяпер. Таму, магчыма, мы пабачым нейкую эвалюцыю «Талібану» у бок менш рэпрэсіўнага рэжыму, які ўсталяваўся ў Іране», – кажа Андрэй Ягораў.

Яшчэ летась Доналд Трамп падпісаў пагадненне з талібамі аб абмежаванні баявых дзеянняў. А сёлета 46-ы прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пачаў вывад амерыканскіх войскаў, каб перадаць усю ўладу афганскай адміністрацыі, на якую выдалі гіганцкія грошы – $ 4,5 млрд на год.

«Афганскае войска мае 300 тысяч вайскоўцаў, добра экіпаваных, як у любой арміі ў свеце. І авіяцыю. Супраць «Талібану», у якога дзесьці 75 тысячаў», – так 8 ліпеня Джо Байдэн адказаў на пытанне, ці непазбежная перамога талібаў.

Але афганскае войска на справе аказалася слабым і карумпаваным, як і ўся афганская ўлада. Камандзіры атрымлівалі грошы за «мёртвыя душы» – няісных салдатаў. Зброя і тэхніка саюзнікаў ляжала на складах – і цяпер дасталася талібам. А «Талібан» меў моцную прапаганду, і цяпер перамовамі і грашыма пераманіў на свой бок большасць старой адміністрацыі.

«Або ты дамаўляешся з талібамі, і ў цябе застаецца права на нейкія прэферэнцыі, якія былі да іхнага прыходу, калі мы кажам пра эліты. Або чамадан – вакзал… Як генерал Дустум, які з раніцы расказваў, што будзе стаяць да канца, а ўвечары быў ва Узбекістане», – нагадвае Раман Бачкала.

Джо Байдэн бароніць свой выбар так: Аль-Каіду разбілі, а будаваць Афганістан за кошт ЗША бясконца немагчыма. І ніколі не было добрага моманту, каб вывесці адтуль войскі.

«Афганскія палітыкі здаліся і ўцяклі за мяжу. Афганскія войскі распаліся, часам без спробы змагацца. Падзеі мінулага тыдня паказалі, што спыненне вайсковага ўмяшання ЗША ў Афганістане цяпер было правільным рашэннем. Амерыканскія вайскоўцы не могуць і не мусяць ваяваць і паміраць у вайне, у якой афганскія сілы не хочуць ваяваць за сябе саміх», – заявіў прэзідэнт ЗША 16 жніўня.

«Гэта відавочная параза спробы ваенным чынам усталяваць дэмакратычныя заходнія інстытуцыі ў краіне, якая шмат у чым не падрыхтаваная», – падсумоўвае Андрэй Ягораў.

Вашынгтон будзе актыўна дзейнічаць у міжнароднай палітыцы, але цяпер больш тонкімі метадамі, тлумачыць Андрэй Ягораў. Падзеі ў Афганістане адцягнуць увагу ад Беларусі, але толькі часткова. І санкцыяў ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі і Еўразвязу супраць Лукашэнкі афганская праблема не адменіць.

«Палітычнае рашэнне адносна санкцыяў прынятае, падпісанае і спушчанае на тэхнічны ўзровень, таму гэты цягнік немагчыма спыніць амаль нічым, акрамя дзеянняў беларускіх уладаў», – тлумачыць аналітык.

Гэта значыць – спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітвязняў і зрабіць хоць які крок да дыялогу з грамадствам.

У нас ёсць свае талібы, людзі ў масках са зброяй у руках, якія забараняюць жанчынам выходзіць на вуліцы і могуць жорстка расправіцца за яркі колер адзення, кветкі ў руках ці няправільныя для іх песні. І гэтая ўлада сілавікоў таксама стала болевым пунктам міжнароднае палітыкі.

Але мы маем перавагу – Беларусь месціцца ў цэнтры Еўропы, і нашае грамадства паказала, што не хоча жыць у атмасферы страху і гвалту. Што будзе далей, залежыць перадусім ад саміх беларусаў.

Калаж з фота: Peter Kovalev, TASS / Natalia Fedosenko, TASS / Forum