Лукашэнка жадаў бы перадаць уладу Мікалаю, але вымушаны перадаць яе Віктару. Так лічыць Лябедзька. Быкоўскі не ўпэўнены, што стаўка будзе на сям’ю. Хутчэй Лукашэнка так і не зробіць выбару, бо гэта наблізіць ягоную смерць. Хто мае рацыю?
Якія сцэнары змены ўлады ў Беларусі актуальныя сёння, калі стан здароўя Аляксандра Лукашэнкі пагоршыўся?
«Святлана Ціханоўская прымае ўказ аб правядзенні агульнанацыянальнага рэферэндуму аб праекце канстытуцыі Новай Беларусі. У нас праводзіцца рэферэндум і адначасова выбары новага прэзідэнта, але ўжо ў фармаце тых паўнамоцтваў, якія дае праект канстытуцыі новай Беларусі. І гэта азначае, што з нейкага часу Х мы пачынаем будаваць Новую Беларусь, жыць у новай Беларусі з новым прэзідэнтам, абмежаванымі паўнамоцтвамі і з перспектывай хуткага правядзення парламенцкіх выбараў, у якіх будуць прадстаўлены і зялёныя, і сацыял-дэмакраты, і лібералы, і кансерватары. Магчыма, там Сахашчык будзе нейкім чынам мець адносіны да рэфармавання сілавога блоку, магчыма, Зянон Станіслававіч ачоліць якую камісію, якая будзе мець доступ да архіваў КДБ», – такі аптымістычны сцэнар малюе палітык Анатоль Лябедзька на выпадак смерці Лукашэнкі.
Журналіст Павел Быкоўскі заклікае больш цвяроза ставіцца да сённяшняй сітуацыі і навінаў. Ён зазначае, што Лукашэнка не рыхтаваў сабе пераемніка, бо «гульні ў пераемніка былі небяспечныя для любога актара», у тым ліку і для самога самаабвешчанага прэзідэнта.
«Другі бок – гэта Расея, якая захоча падтрымаць кагосьці. Або нашая бюракратыя расколецца і захоча пагуляць у розныя гульні, або яна для выжывання захоча захавацца. Тады можа атрымаецца так, як у Венесуэле было: сышоў Уга Чавес, з’явіўся новы кіраўнік дзяржавы і нічога ў прынцыпе не памянялася», – тлумачыць Павел Быкоўскі.
Што адбудзецца пасля сыходу Лукашэнкі? Улада адразу разваліцца або сістэма захаваецца, толькі з іншым прозвішчам? Што павінны рабіць дэмакратычныя сілы – ісці на перамовы з адэкватнымі людзьмі ва ўладзе або ставіць на радыкальны сілавы варыянт? Адказы шукайце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.
Госці праграмы:
Анатоль Лябедзька, палітык
Паўлюк Быкоўскі, журналіст
Праграму «Двубой» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат News» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.