Каліновец пра страты Расеі пад Бахмутам: «Тупа закідваюць мясам»


Змаганне за вольную Беларусь прывяло Оскара ў полк Каліноўскага. Ён распавёў нам пра вайсковую службу, якая патрабуе «моцных нерваў і добрага здароўя», патлумачыў паводзіны пуцінскае Расеі і назваў дзве ўмовы завяршэння вайны.

Оскар – ваяр падраздзялення супрацьтанкавага ракетнага комплексу (СТРК) у складзе палка імя Каліноўскага. Пачынаў ён службу аператарам пераноснага зенітнага ракетнага комплексу (ПЗРК).

Як кажа сам Оскар, ён ніколі не ўяўляў сябе ў вайсковай спецыяльнасці. Але ўсведамляў, што рана ці позна давядзецца са зброяй у руках змагацца за волю бацькаўшчыны.

Шлях супрацьстаяння рэжыму Лукашэнкі і барацьбы за вольную Беларусь Оскар абраў у юнацтве. Пачалося ўсё з пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй у 2019–2020 гады. Потым быў «Малады фронт» і дапамога Паўлу Севярынцу. Праз палітычна матываваны пераслед Оскар вымушаны быў зʼехаць з Беларусі ва Украіну.

З пачаткам поўнамаштабнай расейскай агрэсіі беларус далучыўся да шыхтаў палка Каліноўскага, бо перакананы: перамога Украіны над Пуціным спрыяе будучаму вызваленню Беларусі.

Наш герой упэўнены, што дзеля перамогі ўсяго цывілізаванага свету Расея мусіць быць знішчаная як імперыя. Інакш яна працягне захопліваць чужыя землі. Напрыклад, Беларусь можа стацца гэткім суцяшальным прызам для Пуціна за паразу ва Украіне.

«Мо праз некалькі гадоў, праз дзесяць гадоў – у любым выпадку, яны могуць напасці на каго-небудзь. Можа, не на Украіну – можа, акупуюць Беларусь, у Грузіі зноў паспрабуюць паўтарыць сцэнар Асеціі. У любым выпадку, гэтая імперыя не можа без войнаў, ёй трэба абавязкова штосьці заваёўваць, каб проста павышаць свой статус», – лічыць Оскар.

Якім узбраеннем карыстаецца Оскар? Як выконваюць свае задачы падраздзяленні СТРК? Што дапамагае трымацца пад абстрэлам і чаго трэба ў гэтыя моманты пазбягаць? Як можна спрыяць перамозе ў вайне – і калі яна скончыцца? Якія забаўныя і цяжкія выпадкі здараюцца на перадавой? Пра гэта і іншае вы даведаецеся з новага выдання «Ваяроў», а таксама пабачыце эксклюзіўныя фота і відэа з асабістага архіву героя.

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.