Як Лукашэнка знішчае беларускую медыцыну


Педыятарка Мая Церакулава лячыла дзяцей у Бабруйску. Пасля выказванняў аб праблемах у сістэме аховы здароўя яе звольнілі без магчымасці ўладкавацца на працу ў Беларусі. Яна вымушаная была з’ехаць з трыма дзецьмі, і цяпер ёй трэба дапамога.

Мая Церакулава нарадзілася ў Казахстане, але пасля шлюбу з беларусам пераехала ў нашую краіну, дзе пражыла 7 гадоў. У яе трое дзяцей – два хлопчыкі і дзяўчынка Ева, якая мае аўтызм. З мужам Мая разышлася, а з працы ў дзіцячай больніцы ў Бабруйску яе звольнілі пасля паведамлення ў «Фэйсбуку» аб праблемах беларускай медыцыны, дзе яна ўзгадала пра дэфіцыт кадраў, няправільныя пратаколы, недахоп працоўнага часу ды іншае.

Да жніўня 2020 года Мая, як і шматлікія жыхары Беларусі, не цікавілася палітыкаю: «Я да жніўня была «застабіл», пакуль не пачалі біць людзей».

Выказваючыся пра адрозненне пратэсту ў Казахстане, дзе яго падтрымалі ў першую чаргу бедныя і малаадукаваныя мужчыны, і таму ён набыў сілавы характар, ад таго, што адбывалася ў Беларусі, Мая падкрэслівае: «Соцыум беларускі перарос сваю ўладу. Грамадства развілася да дэмакратычнага ўзроўню, а ўлада засталася аўтарытарнай, дыктатарскай, і яна ўжо не адпавядае запытам грамадства».

Праз немагчымасць уладкавацца на працу ў Беларусі Мая вымушаная была перабрацца разам з трыма дзецьмі, якія з маленства лічаць сябе беларусамі, у Беласток. Тут ёй дапамагла валанцёрка Алена Жаркевіч.

Цяпер жа Маі і тром ейным дзецям трэба фінансавая дапамога з арэндаю жылля. А таксама ёсць патрэба ў сезоннай вопратцы для дзяцей – хлопчыкаў 5 і 10 гадоў і дзяўчынкі 9 гадоў.

Таксама ў праграме глядзіце гісторыю дапамогі музыку Дзянісу з гурта «Lity Taler».

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.