Беларусы дапамаглі здзейсніць мару дзецям палітзняволеных


Палітвязні Антаніна Канавалава з мужам Сяргеем Ярашэвічам за кратамі. Іхных двух дзяцей цяпер гадуе Ганна, маці Антаніны.

Антаніна Канавалава атрымала 5,5 гадоў зняволення за тое, што ўдзельнічала ў працы фонду «Краіна для жыцця» і была даверанаю асобай абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай. Сяргей Ярашэвіч, якому прыпісалі адміністраванне тэлеграм-каналу «Армія з народам», таксама атрымаў 5,5 гадоў зняволення. Дзеці вязняў Насця і Ваня засталіся пад наглядам бабулі – Ганны Канавалавай.

Малыя марылі пабываць на моры, і дзякуючы неабыякавым беларусам, гледачам праграмы «Беларус беларусу», іхнае жаданне здзейснілася. Святлана, актывістка беларускай дыяспары Італіі, дапамагла Насці і Ваню наведаць Венецыю і Балонню і іншыя гарады Апенінскай паўвыспы.

Дзеці таксама выправіліся ў падарожжа да Кацярыны ў Шчэцін, а паляк Сэбаст’ян пракаціў іх па моры на сваёй яхце. Лета 2022 года Насця і Ваня запомняць надоўга, працягваючы верыць, што надыдзе час – і яны змогуць тыя прыгожыя мясціны Італіі і Польшчы паказаць бацькам.

«Спадзяюся, што мы пераможам. Хоць бы мая моладзь прыедзе, там ужо зусім іншае жыццё будзе», – гаворыць Ганна Канавалава і паказвае сваё захапленне – цёплыя рэчы, якія стварае разам з іншымі беларускамі.

Калі ў вас ёсць жаданне набыць гэтыя рэчы і гэтак падтрымаць нашых герояў, лістуйце нам. А можа, нехта з вас захоча дапамагчы Насці і Ваню запісацца на шахматныя курсы – таксама пішыце нам.

Калі сярод вас ёсць тыя, хто хацеў бы падзяліцца сваімі гісторыямі альбо падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) – лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрыманне і перамога.

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.